Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 11 °C

“Выдатна” — за даенне

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 0

Званне “Лепшы па прафесіі” сёлета прысуджана, побач з іншымі майстрамі  сваёй справы, аператару машыннага даення малочнатаварнай фермы “Мацылёўшчына” ААТ “Грыцкевічы” Людміле Віктараўне Плотка. Ад кожнай фуражнай каровы яна надаіла летась у сярэднім па 11071 кілаграму малака, што на 302 кг больш папярэдняга года.

Сваёй прафесіі Людміла Віктараўна аддала больш за 30 гадоў. Пачынала на старой ферме. Тадышняя яе загадчыца Марыя Казіміраўна Хартонік узяла маладую даярку пад сваю апеку, гля- дзела, кантралявала, падказвала. І выхавала добрую, умелую працаўніцу. А Людміла не цуралася работы, не баялася цяжкасцей.



— Прайшоў час, і цяпер толькі ўспамінаеш мінулае, — расказвае Людміла Віктараўна. — Раней працаваць было цяжэй. А зараз, на новай ферме, не трэба на сабе ні мяшкоў з мукой цягаць, ні салому. Усё тэхніка робіць.

Яна доіць кароў у пары з сястрой Аленай Віктараўнай Нагорнай. Даенне трохразовае, а ў аператараў устаноўлены пэўны графік: па чарзе адзін дзень ідуць на ферму раніцай і вечарам, другі дзень — у абед. Жанчыны стараюцца, спаўна  выкарыстоўваюць усе створаныя магчымасці для высокапрадукцыйнай работы. Брыгадзір фермы Валянціна Мініч так ахарактарызавала Людмілу Плотка:

— Яна не проста добры работнік. Выдатніца! Малайчына!

Тут жа, толькі ў радзільным аддзяленні, працуе трэцяя сястра — Таццяна Віктараўна Гусева. Цэлы сямейны падрад. У ім Людміла — самая малодшая. І жанчыны так добра сябе праявілі, што іх  прозвішчы пастаянна на слыху. На вытворчасці і ў быту яны — узор дружбы, добразычлівасці, узаемадапамогі.

— Адна без другой жыць не можам, — смяецца Людміла Віктараўна. — Любім пляменнікаў, унукаў — усе яны такія прыгожыя і разумныя.

У наш раён у тагачасны калгас “Беларусь” Люда перабралася з Пермскай вобласці Расіі 15-гадовай дзяўчынай. Да старэйшай сястры Таццяны. У жніўні 1989 года ёй споўнілася шаснаццаць, а ў лістападзе дзяўчыну накіравалі на работу ў паляводчую брыгаду.

— Памятаю сваё першае ўражанне ад вёскі. Выйшла з хаты ў сад. Глянула: яблыні, грушы, вішні, чарэшні… Я проста ўлюбілася ў наваколле, — падзялілася Людміла Віктараўна. Сёння ў яе свой сад каля свае хаты — выдзеленае гаспадаркай жыллё яны ўжо выкупілі. Тут і агарод, і бульбяны ўчастак, і кветнік. Трымаюць парасят, трусоў, птушку, трохі раней была і карова. Карміць ёсць чым: бульба свая, збожжа акцыянернае таварыства выдае. А яшчэ атрымліваюць па мяшку цукру на чалавека, падарункі да святаў і юбілеяў.

— І пенсіянераў у нас не забываюць, — падкрэслівае мая  суразмоўца і дадае: — Наш калгас багаты, у ім можна жыць. Я тут ужо свая.  Мяне ведаюць, я ўсіх ведаю. Дачка таксама ў “Грыцкевічах” працуе. Кватэру атрымала, гадуюць з мужам сына і дачку.

— Жыццё — гэта не толькі праца на ферме. Ёсць і вольны час. Як Вы праводзіце свой водпуск? — цікаўлюся.

— Ён доўжыцца 31 дзень. Далёка нікуды не ездзім. Дома розных спраў хапае. Вось дах на хаце памянялі. І грошы адпускныя затрацілі на яго, і дні адпачынку.

— Што б хацелі пажадаць сабе, сваім родным, калегам?

— Заўсёды жыць у міры, у спакоі. Каб снарады не ляцелі, каб ні паводкаў, ні землятрусаў у нас не здаралася, не гінулі людзі.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!