Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 8 °C

Добрая працаўніца і любячая матуля

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 0

Пост опубликован: 07.03.2023

Многім несвіжанам і гасцям Нясвіжа, што заходзяць у краму “Ваш дом” раённага ўнітарнага гандлёвага прадпрыемства “Магазін №10”, знаёмая прадавец Вольга Ляхновіч. Уважлівая і добразычлівая, яна знаходзіць падыход да кожнага пакупніка і робіць усё магчымае, каб чалавеку хацелася зайсці ў гэты магазін зноў і зноў.

Жыццё Вольгі Сяргееўны склалася так, што яна нарадзілася ў Нясвіжы, правяла ў ім некалькі першых гадоў жыцця, але пасля першага класа пераехала з сям’ёю у Капыль. Аднак ёй суджана было вярнуцца ў горад яе дзяцінства, дзе ўжо 14-ы год яна жыве і працуе на адным і тым жа месцы — у “Вашым доме”, у якім мы, уласна, і пазнаёміліся.



— Я маю і кваліфікацыю повара VI разрада, і адукацыю бухгалтара, — расказвае пра сябе мая суразмоўца, — аднак, калі пасля вяртання ў Нясвіж мне прапанавалі работу ў гэтым магазіне, я не пасумнявалася, ці мяняць прафесію. Мне ўсё тут адразу спадабалася. Пашанцавала і са старэйшымі калегамі па працы — вопытныя прадаўцы, знаўцы сваёй справы, Людміла Краміна і Тамара Галавач адразу ўзялі мяне пад сваё крыло, і я і сёння ім вельмі ўдзячна за тыя падтрымку і добразычлівасць, якія яны праявілі да мяне на пачатку майго прафесійнага шляху ў гандлі.

Увайшоўшы ў курс справы, Вольга Ляхновіч хутка заваявала аўтарытэт і павагу і ў таварышаў па працы, і ў кіраўніцтва, а мінулым летам у ліку лепшых работнікаў гандлю з рук намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта Ірыны Ксяневіч атрымала Ганаровую грамату райвыканкама за добрасумленную працу і ў сувязі з прафесійным святам.
Сакрэт працоўнага поспеху Вольга Сяргееўна вызначае дастаткова проста: трэба ведаць сваю работу і любіць яе. Крама “Ваш дом” — магазін немалы: у ім тры аддзелы — электратэхнічных тавараў, скабяных вырабаў і бытавой хіміі. Менавіта ў бытавой хіміі (за выключэннем апошніх двух месяцаў, калі яе перавялі ў аддзел скабяных вырабаў) мая суразмоўца і працавала шмат гадоў на пару з другім прадаўцом — Алёнай Шыбіцкай.

— Мыйныя сродкі, ядахімікаты, розныя віды цыраты і плёнкі — усё гэта мы павінны добра ведаць, каб адказаць на ўсе пытанні пакупнікоў, — гаворыць пра сваю работу Вольга Ляхновіч. — Я заўсёды чытала людзям інструкцыі, асабліва, калі справа тычылася ядахімікатаў, усё тлумачыла, каб потым дома яны правільна выкарысталі той ці іншы прэпарат. Калі бачыш, што пакупнік пайшоў ад цябе задаволены, што ты прынёс карысць чалавеку, гэта найлепшы стымул працаваць далей і ветліва сустракаць новых наведвальнікаў.
Пасля работы мая суразмоўца спяшаецца дадому. Там яе чакае дачка-сямікласніца, якая, мяркуючы па ўсім, можа па праве ганарыцца сваёй матуляй.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!