Мар’ян Татаржынскі: «Ад маленькіх да вялікіх — усе аб’екты мне дарагія»

Многія дзесяцігоддзі забудоўваў Нясвіжчыну Мар’ян Татаржынскі — начальнік участка, галоўны інжынер, а пасля і намеснік дырэктара Нясвіжскага ДУП “ПМК-218” УП “Мінскаблсельбуд”.
Нарадзіўся Мар’ян Іосіфавіч на хутары ля вёскі Мысліва ў 1941 годзе. Адтуль хадзіў у базавую Слаўкаўскую школу, а з 8-га па дзясяты клас — у Салтанаўшчынскую СШ. Усяго пяць кіламетраў у адзін бок…




Шлях у будаўнічую галіну ў спецыяліста, на чыё аўтарытэтнае меркаванне і зараз звяртаюць увагу пры правядзенні экспертызы будынкаў, быў не самы прамы.
Спачатку ад ваенкамата скончыў курсы шафера пры ДТСААФ і пайшоў працаваць у калгас Кірава, які потым аб’ядналі з “1 Мая”.
— Калі атрымаў вадзіцельскае пасведчанне, мне далі машыну. Механік завёў мяне ў майстэрню, паказаў: тут — рухавік, там — кузаў, збірай. Вядома, усе дапамагалі, але затое я наглядна вывучыў, з чаго складаецца машына. І пасля ез- дзіў на ёй. За два гады работы ў гаспадарцы паспеў яшчэ і старшыню павазіць на легкавой машыне, і ў Маскве атрымаць новую “ГАЗ-51”.
А потым надышоў час аддаць абавязак радзіме службай у войску, які быў адкладзены ў сувязі з сямейнымі абставінамі. З 1962 па 1965 Мар’ян Іосіфавіч служыў у паветрана-дэсантных войсках. Там здзейсніў 157 скачкоў з парашутам, калі па плане было толькі 25. “На трэцім годзе я быў камандзірам узвода, і дзякуючы гэтаму ў мяне была магчымасць больш скакаць”, — тлумачыць ён.
За амаль тры гады (дэмабілізаваўся на два месяцы раней разам з іншымі выдатнікамі службы) Мар’ян Татаржынскі не толькі праявіў сябе як ўзорны ваеннаслужачы, але нават скончыў курсы аўтакранаўшчыка, быў інструктарам па ваджэнні.
— Многія з тых, хто толькі прыйшоў, яшчэ нічога не ўмеў, і я, хоць таксама служыў першы год, мог іх навучыць. Ва ўзводзе быў і седлавы цягач, у ім перавозілі парашуты, тэхніку. І ў гараж яго загнаць заднім ходам ніхто з маладых не мог, мне трэба было гэта рабіць самому. І я спраўляўся — як-ніяк за плячыма было два гады вопыту.
Маючы поспех ва ўсім, будучы эксперт у вобласці будаўніцтва атрымаў усе вадзіцельскія катэгорыі,і, дэмабілізаваўшыся, звярнуўся да начальніка МСО (зараз ПМК-218) Міхаіла Ігнатавіча Карвігі з просьбай узяць яго на работу. На што той адказаў: “З рукамі-нагамі бяру!”. Так, 7 снежня 1965-га мой суразмоўца прыйшоў у арганізацыю, у якой заставаўся да 2019 года — больш за 54 гады.
Першыя два гады працаваў на аўтакране. Кожны дзень то на адным, то на іншым аб’екце. З кабіны прыглядаўся да таго, што робяць таварышы, раіў, калі трэба было нешта выраўняць.

Мар’ян Татаржынскі: «Ад маленькіх да вялікіх — усе аб’екты мне дарагія»

Памятнае фота 1983-1984 гг. Мар’яна Татаржынскага
(крайні злева) з прадстаўнікамі раёна і вобласці,
якія ўнеслі значны ўклад у будаўніцтва Нясвіжчыны

— Я і цяпер уважліва прыглядаюся да будынкаў — не магу абыякава прайсці міма, калі бачу, што зманціравана крыху наўскасяк.
Міхаіл Карвіга шанаваў старанных і ўдумлівых працаўнікоў, таму адразу разгледзеў патэнцыял Мар’яна Іосіфавіча і адправіў яго на год у Гомель вучыцца на майстра-будаўніка. Скончыўшы з адзнакай, адмысловец вярнуўся ў арганізацыю і неўзабаве завочна адвучыўся ў Бранскім будаўнічым тэхнікуме імя Жукава. Працаваў майстрам, пасля, з 1976 да 82-а года, — начальнікам участка.
— А ўчастак быў у мяне паўраёна — ад Навасёлак (там базаваўся калгас “Рассвет”) да Быхаўшчыны (калгаса імя Леніна). Працавалі. Будавалі. У мяне было ў падначаленні 9 — 12 майстроў і столькі ж брыгад. Кожны дзень я быў на аб’ектах, знайсці у кабінеце мяне было складана, — узгадвае з усмешкай ветэран працы. — Каб усё аб’ехаць, патрабавалася два дні. Трэба было пагаварыць з майстрамі, паглядзець, як праходзяць работы, калі нешта атрымлівалася не так, дапамагчы выправіць.
У 1982 Мар’яна Татаржынскага прызначылі галоўным інжынерам. У тыя часы ўчасткаў было ўжо тры, а не два, так што падпарадкоўваліся інжынеру 19-20 майстроў і 3 начальнікі ўчасткаў. Пасля герой нашага матэрыялу працаваў прарабам і намеснікам дырэктара арганізацыі.
— Мы будавалі ўсё — пачынаючы ад ферм і майстэрняў да жылых дамоў. Так, мы ўзвялі свінагадоўчы комплекс у ААТ “Лань-Нясвіж” на 27 тысяч галоў, МТФ у ЗАТ “1 Мая” ў Лявонавічах і у 2019-м — у “Агракамбінаце Нясвіжскім”. Амаль для кожнай гаспадаркі будавалі аграгарадкі, у горадзе — сярэднюю школу №4, 60-кватэрны жылы дом на вул. 1 Мая, і таксама 60-кватэрны на Партызанскай, забудавалі Маладзёжную вуліцу. Праз мяне праходзілі многія дамы на Ленінскай вуліцы, пачынаючы ад 2- да 5-павярховых. І рэканструкцыя будынка для цэнтральнай раённай бібліятэкі. Было няпроста, бо я спраўляўся і за галоўнага інжынера, і за начальніка ўчастка. Зладжана працавалі мы з галоўным інжынерам праекту з мінскага бюро. Ён заўсёды быў гатовы адказаць на мой званок. Вось так работа і спорылася. Актыўна супрацоўнічалі са старшынямі раённага выканаўчага камітэта — Марыяй Мікалаеўнай Худой, Анатолем Мікалаевічам Бычакам, Мікалаем Антонавічам Жуком…
Марыя Мікалаеўна Худая і цяпер заўсёды рада бачыць Мар’яна Іосіфавіча, бо па-сапраўднаму шануе яго ўклад у развіццё раёна.
— Наша арганізацыя была адной з лепшых ва ўсім Савецкім саюзе, — з гонарам узгадвае мой суразмоўца. — Мы ўвесь час атрымлівалі першыя месцы на ўсесаюзных спаборніцтвах. Увесь кабінет кіраўніка быў застаўлены сцягамі. Што казаць ужо пра першыя месцы ў рэспубліцы, у вобласці. Да нас прыязджалі вучыцца і з Літвы,і з Латвіі. Мы з імі сябравалі, цэглу закуплялі з іх заводаў.
Калі Мар’ян Татаржынскі быў галоўным інжынерам, у арганізацыі працавала каля 450 — 460 чалавек. І рабілі ўсё дружна.
— Добрыя спецыялісты былі. Ды і простыя работнікі вельмі старанныя, у некаторых адукацыя была мінімальная, але яны ніколі б не пакінулі працоўнае месца, не выканаўшы заданне. На іх можна было спадзявацца. Каля 157 кватэр у нас пабудавана для сваіх лю- дзей. Яны атрымлівалі іх бясплатна і потым танна выкуплялі, прыватызавалі. І тэхнічная база была моцная. 127 адзінак тэхнікі. Грэйдзеры, бульдозеры, экскаватары, аўтакраны, трактары магутныя, машыны… Майстэрні, гаражы ўсе былі ацепленыя.
На пытанне, што ж натхняла працаваць з году ў год і нават пасля выхаду на пенсію, мой суразмоўца адказаў:
— Жаданне працаваць дае сілы жыць. Гэта быў мой другі дом. Работа была вельмі складаная, але для мяне цяжкасці ў жыцці не было. Усё можна пераадолець. І мая парада моладзі: тое, што можна зрабіць сёння, ніколі не адкладвай на заўтра.
За сваю шматгадовую працу Мар’ян Іосіфавіч не аднойчы ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі дзяржаўнага вытворчага праектна-будаўнічага аб’яднання па сельскім будаўніцтве “Мін- аблсельбуд” і раённай арганізацыі, Нясвіжскага райвыканкама як лепшы работнік будаўнічай галіны, а таксама Ганаровай граматай Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Быў удастоены знака Пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва 1977, 1978, 1979 гадоў, юбілейных медалёў “За доблесную працу ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна” і “Дваццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”.
— Мне дарагі кожны аб’ект, які прайшоў праз мае рукі — ад маленькіх да вялікіх, — падкрэслівае Мар’ян Татаржынскі. — Галоўнае — усё трэба рабіць па сумленні — якасна і з добрых матэрыялаў. Тады не сорамна будзе перад сабой і людзьмі.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!