У спіску воінаў і партызан, што загінулі ў гады Вялікай Айчынай вайны падчас абароны і вызвалення Нясвіжа ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і пахаваны ў Брацкай магіле ў гарадскім парку, значыцца прозвішча Фёдара Апанасавіча Усошына. З верасня 1943 г. да ліпеня 1944 г. ён — сакратар Нясвіжскага падпольнага райкама КП(б)Б, камісар атрада імя Жданава.
Хлопчык Фёдар у сям’і селяніна-бедняка з вёскі Радзіца Крупскага раёна нара- дзіўся ў 1909 годзе. У канцы 1920-х бацькі з дзецьмі пераехалі ў Свярдлоўскую вобласць. У першыя дні калектывізацыі ўступілі ў калгас. Фёдар Апанасавіч у 1937 г. стаў камуністам. Ён працаваў сакратаром партыйнай арганізацыі лесаўчастка, потым загадваў аддзелам кадраў Ісаўскага райвыканкама, узначальваў у апошнім партарганізацыю.
У першыя дні Вялікай Айчынай вайны яго прызвалі ў армію. Удзельнічаў у баях з ворагам у Беларусі і пад Смаленскам. У жніўні 1942 г. яго накіравалі на чале спецыяльнай групы ў тыл ворага для арганізацыі падпольнай барацьбы з фашыстамі. У нашых мясцінах стварылі атрад, галоўнай задачай якога была разведка, перадача звестак пра фашыстаў праз Баранавіцкі падпольны абкам КПБ у Цэнтральны штаб партызанскага руху. Разам з гэтым атрад імя Жданава ўчыняў дыверсіі, вёў палітычную работу сярод насельніцтва. Гутарылі з людзьмі, чыталі баявыя зводкі ў вёсках Юшавічы, Бучныя і іншых. У многіх населеных пунктах атрад меў сувязных, якія забяспечвалі партызан звесткамі. Ф.А. Усошын падрабязна дакладваў наверх аб колькасці жывой сілы праціўніка, яе ўзбраенні, аб эканамічным і маральным стане насельніцтва.
У чэрвені 1944 г. падчас Беларускай вызваленчай аперацыі атрад імя Жданава рыхтаваўся заняць Нясвіж. Распрацавалі план захопу варожых аб’ектаў, устаноў і прадпрыемстваў горада. 1 ліпеня ў яго адправілі пяць разведчыкаў. Але ніхто з іх не вярнуўся. 2 ліпеня, падзяліўшыся на групы, атрад з розных бакоў уступіў у райцэнтр. У кожнай групы было сваё заданне. Група Ф.А. Усошына накіравалася заняць банк. Але ў горад раптам уварваўся нямецкі танкавы корпус, што вырваўся з бабруйскага “катла”. Пачаўся няроўны бой. Фёдар Апанасавіч у гэтым баі загінуў. Імя сакратара Нясвіжскага падпольнага райкама партыі Фёдара Апанасавіча Усошына носіць вуліца ў нашым горадзе.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
журналіст.