Напрыканцы мінулага года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках Беларускіх Калядных чытанняў адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў VІІІ Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”.
Граматай Патрыяршага Экзарха была ўзнагароджана Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы за першае месца ў намінацыі “Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і моладзі”. Узнагароду з рук Яго Высокапрэасвяшчэнства Веніяміна, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсёй Беларусі атрымалі супрацоўнікі ўстановы Таццяна Байкаш і аўтар гэтага матэрыялу. Бібліятэкары прынялі ўдзел і ў рабоце секцыі “Духоўная асвета праз дзейнасць бібліятэк”, у якой пазнаёмілі прысутных з дзейнасцю клуба духоўна-маральнага выхавання падлеткаў і моладзі “Ноеў каўчэг”, створанага пры бібліятэцы яшчэ ў 2004 го- дзе. Вопыт работы ў межах дзейнасці гэтага аб’яднання за апошнія тры гады і быў прадстаўлены на конкурс.
Ноеўцы падарожнічалі па храмах Нясвіжчыны, запісвалі гутаркі са святарамі і прыхаджанамі храмаў для духоўна-асветніцкай перадачы “Абуджэнне” — гэта сумесны праект раённага радыё, цэнтральнай раённай бібліятэкі і Нясвіжскага благачыння (аўтар праекта — В. Шчарбакова, рэдактар — А. Грох). Сцэнарыі і дыск, якія уключаюць выпускі праекта за 2017 — студзень 2021 года, таксама сталі добрым дадаткам да конкурсных матэрыялаў.
Як вынік гэтай працы — серыя буклетаў “Сустрэчы”, прысвечанай святарам Нясвіжскага благачыння, рэгентам хораў, настаўнікам нядзельных школ, прыхаджанам храмаў Нясвіжчыны. Стваральнікі серыі — супрацоўнікі бібліятэкі Т. Байкаш, аўтар гэтага матэрыялу, наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” СШ № 4 г. Нясвіжа, несвіжанка Святлана Польская, якая занатавала моманты падарожжаў і духоўна-асветніцкіх сустрэч на сваіх фатаграфіях. Дапамогу ў арганізацыі падарожжаў па Нясвіжчыне аказваў вадзіцель бібліобуса Віктар Несцер.
Сярод матэрыялаў, прадстаўленых на конкурс, была і кніга, у якой прасочваліся асноўныя моманты работы клуба “Ноеў каўчэг”. Мастацкае афармленне гэтага выдання зрабіла бібліятэкар Затур’янскай бібліятэкі Ірына Зуйкевіч.
Супрацоўнікі бібліятэкі лічаць, што перамога ў конкурсе — гэта не толькі іх заслуга. Вялікі ўклад у яе ўнеслі благачынны Нясвіжскай царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Данчанка, святары Нясвіжчыны, благачынны Капыльскага благачыння іерэй Андрэй Еўшаль, рэгенты хораў храмаў Алена Шаблоўская і Глафіра Лабынько, настаўнікі нядзельных школ Таццяна Калеснік, Наталля Мельнікава, прыхаджане храмаў Уладзімір Азаронак, Уладзімір Пярцоў, Святлана Мартас. На працягу многіх гадоў дзялілася сваімі думкамі, падказвала тэмы для абмеркавання ў рамках перадачы «Абуджэнне» матушка Ірына Мікалаеўна Данчанка.
Вялікі ўнёсак у справу духоўнай асветы зрабілі рэдактар раённага радыё Аксана Грох, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Нясвіжскія навіны” Соф’я Любанец, супрацоўніца Нясвіжскага гарадскога маладзёжнага цэнтра Яна Дучынская.
У апошнія гады самымі актыўнымі наведвальнікамі клуба “Ноеў каўчэг” былі ўдзельнікі гуртка “Юны журналіст” СШ № 4 г. Нясвіжа, а таксама старшакласнікі гэтай навучальнай установы. Работу бібліятэкі ў галіне духоўнай асветы актыўна падтрымліваюць педагогі Наталля Міхайлаўна Янская, Зоя Мікалаеўна Маляр, Алена Канстанцінаўна Любко, Данута Іосіфаўна Козіч, Людміла Уладзіміраўна Навіцкая, Лілія Вячаславаўна Бобка, Кацярына Чаславаўна Юшкевіч, дырэктар СШ №4 Наталля Уладзіміраўна Кулік, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Надзея Уладзіміраўна Хурс.
Уся духоўна-асветніцкая работа вялася пры надзейнай падтрымцы на сённяшні дзень начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людмілы Іванаўны Вітко.
У хуткім часе фонд бібліятэкі папоўніцца серыяй кніг, уручанай у якасці падарунка за перамогу Мітрапалітам Веніямінам.
У дзень узнагароджання ў бібліятэцы сабраліся благачынны Нясвіжскага благачыння протаіерэй Аляксандр Данчанка, супрацоўнікі ўстановы, самыя актыўныя “ноеўцы” і іх бацькі, адна з арганізатараў аб’яднання Наталля Янская, каб падвесці вынікі сваёй працы і падзяліцца ідэямі для яе працягу. Айцец Аляксандр паразважаў аб неабходнасці духоўна-асветніцкай дзейнасці, благаславіў усіх прысутных на новыя здзяйсненні.
Так сталася, што ў добрай справы знайшлося шмат аднадумцаў. Таму і вынікі атрымаліся найлепшымі. Вельмі радуе, што Нясвіжчына багатая не толькі на таленты, а і на людзей веры, якія ведаюць, дзеля чаго прыйшлі ў гэты свет і перадаюць гэтае веданне зусім юным, тым, хто толькі азіраецца навокал у пошуках галоўнага.
Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік клуба “Ноеў каўчэг”.