Сёння ў фокусе — Сноўскі сельскі Савет дэпутатаў і жыццё яго жыхароў.
Пазнаёмімся бліжэй з самымі выдатнымі яго старанамі.
Тэрыторыя Сноўскага сельскага Савета складае 11913,74 гектара, на якой размешчаны 18 населеных пунктаў, сярод якіх тры аграгарадкі — Сноў, Друцкаўшчызна і Грыцкевічы, астатнія — вёскі — Грускова, Церасполье, Хвоева, Слабада, Сычы, Сынгалы, Пага- рэльцы, Тарэйкі, Новы Сноў, Клепачы, Панюцічы, Грыцы, Нялепава, Мацылёўшчына і Супруновічы. Колькасць насельніцтва ў сельскім савеце складае больш за 5,5 тысяч чалавек. Галоўнымі вытворчымі прадпрыемствамі і арганізацыямі з’яўляюцца СВК “Агракамбінат “Сноў”, Сноўскі крухмальны завод РУП філіал “Мінск — Крышталь”, ААТ “Грыцкевічы”.
Працуюць Сноўская, Пагарэльцаўская і Грыцкевіцкая сярэднія школы, Сноўскі, Грыцкевіцкі і Друцкаўшчызненскі дзіцячыя садкі.
А вось сярод устаноў культуры (клубаў і бібліятэк), на тэрыторыі сельсавета функцыяну- юць Сноўская школа мастацтваў і музей-кватэра мастака Яўгена Ждана. Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляе Сноўская ўрачэбная амбулаторыя і тры фельчарска-акушэрскія пункты — у Слабадзе, Друцкаўшчызне і Грыцкевічах. Маюцца 3 стадыёны, басейн, спартыўна-аздараўленчыя цэнтры у аг. Сноў, Грыцкевічы і в. Слабада. Наладжана работа гандлёвых аб’ектаў, сярод якіх і дзіцячае кафэ, і дзіцячы гульнявы цэнтр “Вясёлка” ў Снове. Працуюць аб’екты бытавога абслугоўвання, паштовай сувязі, банкаўскіх паслуг. На тэрыторыя сельсавета размешчана восем помнікаў гісторыі, якія тычацца падзей Вялікай Айчыннай і Першай сусветнай войнаў, а таксама дзевяць грамадзянскіх могілак.
І за ўсім гэтым, вядома, стаяць людзі. Тыя, хто падрымлівае жыццё сельскага савета, стараецца на карысць і дабрабыт сваіх суседзяў, аднавяскоўцаў і суайчыннікаў.
Гэта тэматычная старонка — заўсёды цудоўная магчымасць расказаць чытачам пра выдатных жыхароў нашага раёна. Вашай увазе — невялікія гісторыі пра некаторых з іх.
Калі наведваеш іх падворак, адразу адчуваеш сябе нібыта ў казачных дэкарацыях. Так і ёсць. Каля брамы сцеражэ гаспадароў вялізны сабака па мянушцы Малыш. Уваходзіш у двор — а там на каменьчыках сярод водарасцей, вады і камянёў раскінулася цудоўная дзяўчына — мабыць, казачная русалка… А недалёка ад яе — гном — добры і мудры персанаж. Яшчэ ў адным кутку — маляўнічы змайстраваны вадапад з лагодным журчаннем вады. Калі прайсці далей, перад вачыма адкрываюцца ўтульныя зоны для адпачынку: лавачкі, садовыя арэлі, уладкаваная альтанка… Адным словам — цуд! І ўсё гэта хараство гаспадары дома — Алена і Аляксей Грэчка — робяць уласнаручна.
— Цэмент, пясок і крыху мыльнага раствору! — дзеліцца Алена. — А далей — лоўкасць рук, як кажуць…
Гэта захапленне прыйшло да мужа і жонкі Грэчка падчас пандэміі каранавіруса.
— На вочы трапілася відэа, дзе людзі такія рэчы вытвараюць пры дапамозе гэтай сумесі! І я адразу сказала, што таксама так змагу. Ну і вось… з таго моманту і пачалося, — тлумачыць гаспадыня. — Гэта адназначна танней, чым іншыя расходныя матэрыялы. Спачатку, калі трэба, робім каркас, потым муж замешвае пэўную колькасць сумесі, падвозіць да месца, дзе плануем размясціць фігуру, а я жвавенька пачынаю надаваць форму, фармірую пэўную канструкцыю, дэталі. Так і працуем. У канцы, вядома, расфарбоўваем атрыманае, так скажам, “ажыўляем” вынік.
— Зараз у галаве яшчэ шмат ідэй, і шмат чаго плануем зрабіць, дарабіць, недзе штосьці дадаць, — падтрымлівае жонку Аляксей. — Але ж галоўная нястача — недахоп часу. Яго, здаецца, зусім няма, каб усё паспець здейсніць, што так хутка, часам, народжваецца ў галаве.
Сапраўды. Дзівосна, адкуль Грэчка знаходзяць гэты час, а галоўнае, сілы і матывацыю на тое, што паспяваюць? А паспяваюць, і праўда, нямала: і працаваць плённа (Алена працуе загадчыкам Сноўскага дзіцячага сада, а Аляксей — вадзіцелем-экспедытарам на СВК “Агракамбінат “Сноў”), і дзяцей гадаваць (трох хлопцаў — Рому, Ігара і Мікіту), і двор каля хаты ў казку ператвараць. Алена і Аляксей цудоўна спраўляюцца і з’яўляюцца для многіх выдатным прыкладам!
Таксама добрымі гаспадарамі, шчырымі людзьмі і адказнымі грамадзянамі можна адзначыць сям’ю Акулік. Вольга Уладзіміраўна і Вікенцій Уладзіміравіч, нягледзячы на паважаны ўзрост, вядуць актыўны лад жыцця (паверце, многія маладыя могуць пазайздросціць такой жвавасці!). Увесь іх двор заса- джаны рознага кшталту кветкамі і раслінамі, дзе-нідзе радуюць вока змайстраваныя кампазіцыі з фігурамі жывёл.
— Я не магу сядзець на месцы. Мяне ўсё гэта так вабіць, радуе, і, насамрэч, толькі сіл надае! Я так прывыкла і па-іншаму не прадстаўляю сабе свой дзень. Пагля- дзіце, колькі фарбаў, колькі соку і жыцця ў гэтым усім! — расказвае Вольга Уладзіміраўна і дэманструе разведзеную навокал прыгажосць.
Супыняцца жанчына не плануе, кажа, што на днях новыя кветачкі каля дома высадзіла, будзе вырошчваць.
Сям’я Акулік у гэтым годзе стане ўдзельнікам конкурсу на лепшы падворак. І, упэўнена, яны маюць усе шанцы на перамогу.
Знаёмячыся з актыўнымі грама- дзянамі, што пражываюць на тэрыторыі сельсавета, застаю за хатнімі справамі старасту вёскі Грус- кова — Яўгенію Іванаўну Радаман. Зараз жанчына ўжо на заслужаным адпачынку, але дагэтуль шмат гадоў прарабіла кіруючым справамі Сноўскага сельскага Савета дэпутатаў. Яўгенія Іванаўна заўсёды была ў цесным узаемадзеянні з насельніцтвам, таму і зараз, з’яўляючыся старастай сваёй вёскі, спрытна спраўляецца з праблемамі, якія ўзнікаюць.
— Людзі мяне ведаюць, і я — кожнага таксама. Хто на што здатны, каго аб чым папрасіць можна, да каго звярнуцца з тым ці іншым пытаннем, — распавядае Яўгенія Іванаўна. — Насельніцтва ў нас добрае, спагадлівае, ідзе насустрач, як спатрэбіцца. Ды і я на сувязі з нашым старшынёй Галінай Іосіфаўнай: раімся, абгаворваем пэўныя моманты, вырашаем, як лепш дзейнічаць. Так і справа спорыцца паціху.
А справы насамрэч вырашаюцца. У той дзень, калі я наведвала тэрыторыю сельсавета, актыўна вяліся работы па добраўпарадкаванні ФАПаў у Друцкаўшчызне і Грыцкевічах. Пра гэта разам з мясцовай уладай клапоцяцца сельскагаспадарчыя прадпрыемствы СВК “Агракамбінат “Сноў” і ААТ “Грыцкевічы” адпаведна. Дапамагаюць і фінансава, і рабочай сілай. Аднаўляюць фасады будынкаў, робяць унутраны касметычны рамонт, прыбіраюць тэрыторыі навокал.
Для таго, каб жыў і кветнеў твой родны край, трэба прыкладаць шмат намаганняў. І тут, на Сноўшчыне, пра гэта добра памятаюць. Таму любяць, цэняць і плённа працуюць на карысць малой радзімы.
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.