Меню
Курс $  3.25 | €  3.55 | ₽100  3.67 |
Погода 15 °C

“Крутуха” на “Славянскім базары ў Віцебску”

Нясвіжскія навіны 10 месяцев назад 0 2

Пост опубликован: 20.07.2023

Народны танец “Крутуха” ў выкананні ўдзельнікаў узорнага танцавальнага калектыву “Онікс” Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Кацярыны Лабазы заваяваў сэрцы гледачоў Віцебска. Менавіта яго ў мінулыя выхадныя  прадставілі на суд журы конкурснай праграмы ў рамках нацыянальнага фестывалю-конкурсу маладзёжнай творчасці “Агонь маладзёжных талентаў” свята “Славянскі базар у Віцебску” нашы юныя артысты.



— Як толькі мы прайшлі ў пачатку ліпеня адборачныя туры, адразу дзеці настроіліся на ўдзел у адным з самых музычных мерапрыемстваў года рэспубліканскага маштабу, — расказвае Кацярына Лабаза. — Дзяцей захапіла атмасфера свята фестывальнага Віцебска. Падтрымка раённага выканаўчага камітэта і раённай арганізацыі БРСМ, пазітыўны настрой, добрая арганізацыя паездкі, спрыяльнае надвор’е — усё быццам настройвала нас на поспех і тую колькасць кампліментаў, якая гучала ў адрас нашых юных танцораў. У фестывалі прынялі ўдзел як маладзёжныя калектывы, так і індывідуальныя выканаўцы. Мы выступалі ў намінацыі “Беларускі народны танец”. Многія былі ўпэўнены, што на сцэне артысты вышэйшага класу, бо выступленне несвіжан кранула не проста сюжэтам танца, але і тэатральнасцю, і акцёрствам дзяцей, якія раскрывалі вобразы нацыянальнага беларускага фальклору. “Крутуха”, амаль як і ўсе беларускія танцы масавы, парны і няпросты для выканання. Рухі танцораў дынамічныя, поўныя ўнутранага эмацыйнага напалу. Гэта з’яўляецца асаблівасцю многіх беларускіх народных танцаў: рухамі выканаўца распавядае аб сваім жыцці, аб сваёй працы, адносінах да прыроды.
Кірыл Лаўнічук:
— У нас канікулы, але кожны дзень насычаны рознымі мерапрыемствамі, таму летнія месяцы праводзім з карысцю, — дзеліцца ўражаннямі Кірыл. — 3 ліпеня прайшло выступленне нашага калектыву на галоўнай сцэне Нясвіжа ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, дзе нас шчыра віталі як жыхары, так і госці горада. На выхадныя нас чакаў Віцебск — прыгожы гасцінны горад, дзе мы ўдзельнічалі ў розных акцыях з прадстаўнікамі моладзі іншых рэгіёнаў Беларусі, усклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу “Вызваліцелям Віцебска — савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам”. Пабывалі ў гарадскім заапарку, прайшліся па фестывальных вуліцах.
Думаю, што танец і праз некаторы час для мяне будзе цікавым. Тое, што сваёй творчасцю мы ўпрыгожваем жыццё, радуем гледача, прыносіць вялікае задавальненне.
Сёння я ўпэўнены, што маё захапленне танцам дапамагае актыўна жыць, падарожнічаць і, вядома, знаходзіць новых сяброў.“Крутуха” на “Славянскім базары ў Віцебску”
Мілана Мароз:
— Сёння мне трынаццаць. Танцамі я займаюся з чатырох гадоў. Заўсёды адчуваю падтрымку сям’і, а гэта іншы раз вельмі дапамагае настроіцца на выступленне. Вельмі многа часу праводзім на рэпетыцыях з нашым кіраўніком Кацярынай Рыгораўнай. Працуем над кожным момантам, а гэта няпроста. Бо кампазіцыя танца нагадвае малюнкі народнай мастацкай вышыўкі, дзе выкарыстоўваюцца і квадрат, і трохвугольнік, і палоска, іншы раз цяжка засвоіць перастраенні і перапляценні, але ўсе складанасці мы перамагаем працай на сцэне.
Мы вельмі задаволены, што наша выступленне атрымала высокую адзнаку на рэспубліканскім узроўні, вядома, будзем старацца і далей. А пакуль пра Віцебск — самыя лепшыя успаміны — з яго прыгожымі агнямі і краявідамі.
Адно з нашых апошніх выступленняў было ў час наведвання Санкт-Пецярбуга. Прыемна, што ў суседняй краіне з прыгожымі рысамі беларускай культуры знаёмяцца праз творчасць нашага нясвіжскага калектыву.
Так шчыра ўдзельнікі ўзорнага танцавальнага калектыву “Онікс” падзяліліся сваімі ўражаннямі. Прыемна, што школьнікі Нясвіжа, якіх аб’яднала творчасць, займаюцца і музычным выхаваннем, а яшчэ і сябруюць паміж сабой, бо гэта неад’емная ўмова танца.
— Гэта няпроста — перадаць настрой у танцы і адлюстраваць адпаведны працэс, бо для мастацкага ўспрыняцця істотны нават позірк. Таму без сяброўства нам, артыстам, ніяк, — зазначыла Мілана.“Крутуха” на “Славянскім базары ў Віцебску”
Вось такая змена вырасла ў “Оніксе”. На гэты раз выхаванцы Кацярыны Лабазы прывезлі на Нясвіжчыну Кубак і Дыплом за другое месца ў рэспубліканскім фестывалі-конкурсе маладзежнай творчасці “Агонь маладзёжных талентаў”. А ў падарунак дзеці атрымалі вялікі торт.
Узорны танцавальны калектыў працягвае знаёміць гледача са сваёй творчасцю, а значыць, і культурай беларусаў. Маладыя артысты атрымалі запрашэнне выступіць на адной са святочных пляцовак у час святкавання 800-годдзя роднага горада. Мы папрасілі танцораў адкрыць невялікі сакрэт пра свае планы і даведаліся, што ўвазе гасцей і жыхароў горада яны прадставяць “Ланскую кадрыль”. Выступіць школьнікі плануюць поруч з ансамблем народнага танца “Аксаміт” філіяла “Нясвіжскае УМГ” ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”, а ў гэтыя дні займаюцца распрацоўкай танца “Ланская кадрыль”, згодна з этнаграфічнымі матэрыяламі, атрыманымі з архіваў Маскоўскай бібліятэкі. Ансамблі станцуюць кадрыль так, як яе калісьці выконвалі на Нясвіжчыне. Поспехаў вам, узорны танцавальны калектыў “Онікс”! Да сустрэчы ў жніўні!
Іна ВАСІЛЕВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!