Меню
Курс $  3.26 | €  3.51 | ₽100  3.54 |
Погода 14 °C

Вышыўка на жыццёвым палатне Вольгі Сцепановіч

Нясвіжскія навіны 10 месяцев назад 0 7

Пост опубликован: 31.07.2023

На Нясвіжчыне шмат сапраўдных захавальніц народнай культуры, якія дазваляюць нам акунуцца ў таямніцы мінулага і адчуць яго прыгажосць. Іх творчасць увасабляе ў сабе гісторыю роднай зямлі, адлюстроўвае нацыянальны каларыт і спадчыну нашых продкаў. Кожны іх шэдэўр — гэта маленькі кавалачак душы, аддадзены на тое, што дастаўляе радасць і захапленне. Менавіта такой з’яўляецца і член Саюза майстроў Беларусі, наша зямлячка Вольга Сцепановіч.



Вольга Уладзіміраўна як ніхто іншы ведае, як ператвараць простыя рэчы ў творы мастац- тва. Яе ўменне ствараць каштоўныя вырабы ўвасабляе не толькі высокі ўзровень майстэрства, але і павагу да традыцый, перададзеных з пакалення ў пакаленне.
Лёс наканаваў умеліцы мноства выпрабаванняў, праходзячы праз якія Вольга Ула- дзіміраўна навучылася не скарацца болю і быць мужнай у любых жыццёвых абставінах.
Нарадзілася яна ў 1946 годзе ў вёсцы Вялікая Ліпа. Калі немаўлятку споўнілася ўсяго шэсць тыдняў, пайшоў з жыцця бацька, апошні з трох сыноў бабулі і дзядулі. Каб выжыць у той час, старыя ўгаварылі нявестку стварыць новую сям’ю. І матуля выйшла замуж. Так у дзяўчынкі з’явіўся малодшы брат.
Вучылася Вольга ў Вялікаліпскай сямігодцы, працягвала навучанне ў Гарадзейскай сярэдняй школе, кожны дзень адмерваючы шлях на веласіпедзе амаль у пятнаццаць кіламетраў у адзін бок.
Вучылася добра, але атрымаць медаль не дазволіла адна лішняя чацвёрка. Паступіць на стацыянар не было магчымасці. Давялося папрацаваць у калгасе, затым пабыць піянерважатай у роднай школе, загадчыкам сектара ўліку ў райкаме камсамола.
У педінстытуце гераіня гэтага аповеду вучылася завочна. Менавіта тады дзяўчына сустрэла свайго будучага мужа, чалавека пры пагонах, які таксама быў студэнтам-завочнікам. Пазней, па службе мужа, яны на пяць гадоў апынуліся ў Манголіі. Там некаторы час Вольга працавала прадаўцом, загадчыкам бібліятэкі ў воінскай часці, была старшынёй жансавета. У трывожны час сядзела з жанчынамі на чамаданах.
Першым сур’ёзным выпрабаваннем у сваім жыцці мая суразмоўца лічыць смерць свайго мужа. Ішоў 1985 год. Старэйшы сын, Уладзімір, толькі паступіў у інстытут у Калінінградзе, малодшы вучыўся ў пятым класе. Пытанне “Як пракарміць сям’ю?” выкручвала ўсе сілы. Але дзякуючы сябрам, калегам, Вольга Уладзіміраўна падняла абодвух сыноў, дала вышэйшую адукацыю. Адзенне вязала сама. А каб забыцца на клопаты, якія не давалі спакойна ўздыхнуць, вышывала.
Другое выпрабаванне здарылася не так даўно, калі пачаліся праблемы са здароўем і гераіня аповеду сумнявалася, ці ўстане на ногі. Нават урачы не давалі гарантыі, што яна зможа зноў вольна хадзіць. Але ўсё вырашылася лепшым чынам.
Да занятку рукадзеллем Вольгу Сцепановіч у свой час падштурхнуў прыклад бабулі, якая была майстрам на ўсе рукі. Менавіта бабуля дала ў рукі кручок, які ў жыцці маёй суразмоўцы стаў палачкай-выручалачкай. Яшчэ ў школьныя гады, падчас зімовых канікул, яна вырашыла, што вышые макі на занавесках, якія віселі на дзвярах. Брат дапамагаў ніткі “ірыс” у іголкі зацягваць, а яна хуценька іх вышывала і зноў клікала хлопца на дапамогу.
Пазней вярнулася да гэтага захаплення, калі, прыехаўшы з Манголіі, пайшла працаваць у Нясвіжскі дом піянераў. Спачатку метадыстам, потым — дырэктарам.
— Каб дапамагчы кіраўніку гуртка ці праверыць яго работу, патрэбна было і самой штосьці ўмець, — узгадвае Вольга Ула- дзіміраўна. — Для таго, каб у гурткі хадзілі дзеці, патрэбна было іх захапіць, уразіць. Ніхто ж не застаўляў іх займацца ў нашым цэнтры. Усё па асабістым жаданні. Тады я стала ўспамінаць, што ўмею, ездзіла на семінары, конкурсы. Сама вяла гурткі па макрамэ, вязанні кручком і вышыўцы.
Калі не стала мужа, умеліца ўзялася за гэту справу ўшчыльную. Працавала да знямогі, каб забыцца на боль. Калі клала малодшага сына, Сяргея, спаць, бралася за ніткі і вязала. Гэта стала добрай матэрыяльнай дапамогай.
Ужо ў 2004 годзе далучылася да Саюза майстроў Беларусі і пачала ўдзельнічаць не толькі ў раённых, але і ў многіх абласных конкурсах, выставах, святах. У 2012-м го- дзе Вольга Уладзіміраўна атрымала званне народнага майстра Беларусі, стаўшы 68-й у рэспубліцы па ліку сярод майстроў у розных відах мастацтва.
Сёння паважанай умеліцы ўжо 77 гадоў, але яна не страчвае сваёй любові да гэтай справы.
— Я не ўяўляю, як можна сядзець у хаце дзень за днём, не робячы нічога карыснага, — кажа мая суразмоўца. — Жыццё навучыла мяне цаніць час. Прыемна, што і іншым лю- дзям дапамаглі ўменні, якія яны атрымалі, калі хадзілі да нас у дом піянераў у гурткі. І сёння часам падыходзяць людзі, дзякуюць за той час. Вядома, не ўсіх пазнаю з першага погляду, але заўсёды радуюся. Бывае, падыходзіць жанчына ў вязанай сукенцы або кофтачцы і пытае: “Ну, як вы ацэніце маю работу?” І адразу разумееш, што гэта твой “гуртовец”.
Старэйшы сын, Уладзімір, і сам займаецца творчасцю — выразае па дрэве, дорыць маці свае вырабы. Але разам з братам жураць маму, бо хвалююцца за яе — вышыўка патрабуе вялікай канцэнтрацыі ўвагі, напружвання зроку. Але Вольга Сцепановіч прызнаецца, што не можа без гэтага жыць.
Падтрымліваць сябе ў добрым стане гераіне гэтага аповеду дапамагае моцная сіла духу.
— Каб не раскіснуць, трэба трымаць сябе ў руках. Калі ты сам апусціш рукі, не дапаможа ні адзін урач. Таму трэба думаць толькі пра добрае. Кожную раніцу — дзякаваць Богу, што ты ў сваёй памяці, можаш хадзіць, і тады будзеш радавацца дню, — кажа ў завяршэнне нашай гутаркі Вольга Уладзіміраўна.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!