Меню
Курс $  3.26 | €  3.51 | ₽100  3.54 |
Погода 14 °C

У першую чаргу яна чытае “раёнку”…

Нясвіжскія навіны 5 месяцев назад 0 3

Пост опубликован: 13.12.2023

У акно Алена Канстанцінаўна Багдановіч убачыла, што па вуліцы, паўз яе хаты, праехала паштовая машына — сіняя, з белай паласой.  Значыць, можна ісці
па газеты. Жанчына апранулася і выйшла
на двор. Блок паштовых скрынак
устаноўлены недалёка, праз адну хату.
З аўторка да суботы вымае Алена
Канстанцінаўна рэспубліканскую



“СБ. Беларусь сегодня”, у сераду
і суботу — яшчэ і раённую “Нясвіжскія
навіны”. А калі прыходзяць “Сваты
на пенсии”, “Советчица”
і “Друг пенсионера”, то стос наогул атрымліваецца важкім.

У першую чаргу яна чытае “раёнку”. Прывыкла. Газету любіць, выпісвае ўсё свядомае жыццё.
— Чытаю ад пачатку і да канца, — расказвае жанчына. — Усё падабаецца. З’явілася многа новых тэм. Увялі на старонках аўтарскія калонкі, сачу за імі ўважліва. З задавальненнем нядаўна чытала пра Героя Беларусі Міхаіла Аляксандравіча Карчміта. Ён жа і ў нашым калгасе “Рассвет”працаваў старшынёй. Разумны быў чалавек, настойлівы. Шмат добрага зрабіў. Як нашу свінаферму “Кунаса” ўзняў! Я з 1978 года працавала на ёй учотчыкам, таму добра ведаю пра перамены, пра тое, як зрабілі лягчэйшай працу свінарак — корм пачалі развозіць ваганеткі, ужо не трэба было цягаць яго тачкамі. Змянілася тэхналогія ўтрымання жывёлы. Справы ішлі найлепшым чынам. Добра, што газета нагадвае пра заслужаных лю- дзей, якіх ужо няма ў жывых. Трэба, каб пра іх памяталі, каб маладыя ведалі, бралі прыклад.
Свінаферму ў Кунасе доўгі час узначальваў муж маёй суразмоўцы — Канстанцін Мікалаевіч Багдановіч, камуніст, адданы справе чалавек. Сын першага ў Кунасе старшыні калгаса імя Андрэева — Мікалая Адамавіча Багдановіча. Сельгасарцель стварылі ў маі 1941 года, у яе ўступілі 24 сялянскія гаспадаркі. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны яна спыніла сваё існаванне, аднавіўшыся ў 1947-м. Вось у такую цікавую, неардынарную сям’ю прыйшла ў 1966 годзе Алена замуж.
У 1989 годзе, калі муж захварэў, Алене Канстанцінаўне давялося стаць загадчыцай фермы. Потым яна перайшла ў сацыяльныя работнікі, 12 гадоў дапамагала пажылым людзям у вёсках Андрушы і Кунаса. 16 чалавек былі пад яе наглядам. Купляла ім прадукты, лякарствы, прыбірала ў хаце. Перад святамі здымала, мыла і вешала назад фіранкі на вокны, каб было чыста і ўтульна, каб гаспадарам лягчэй дыхалася.
— А зімой ім сцежкі чысціла з вуліцы да дзвярэй хат, — працягвае аповед Алена Канстанцінаўна. — Сумку з пакупкамі пакладу збоку на гурбы, рукамі снег разграбу, каб да шуфля дайсці, а з ім ужо добрую дарожку прайду. Цяпер толькі для сябе чышчу. Вось і зараз з вуліцы прыйшла, напрацавалася. А пад вечер пайду прайдуся. Трэба рухацца. Работы ж зімой болей ніякай няма, з гаспадаркі ў мяне толькі куры ды кот. Вось і чытаю газеты. Калі прыязджаюць дзеці ды ўнукі, зразумела, што робіцца весялей, з’яўляюцца новыя клопаты.
Вясной, летам, увосень у Алены Канстанцінаўны шмат работы ў агародчыку і кветніку. Прытым кветак нашмат болей. Півоні, цюльпаны, гладыёлусы, хосты, вяргіні, хрызантэмы, аксаміткі, касачы, папаратнікі… Яны радуюць вока пышнасцю і рознакаляровасцю, але ж і патрабуюць догляду.
Расказваючы пра сябе, Алена Багдановіч узгадвае пра маладосць:
— Мая працоўная кніжка была заведзена ў 1955 годзе. Мне споўнілася 15 гадоў. Скончыла сем класаў — і ў калгас. У маіх родных Андрушах у паляводчай брыга- дзе было шмат моладзі. Тады яшчэ так не з’язджалі з вёскі, як пазней. І працавалі дружна. Хлопцы запрагалі мне каня ў скрыню, і я збірала ў вяскоўцаў курыны памёт і попел. Гэта былі ўгнаенні для калгаснага поля, якія мы самі і рассявалі ўручную. Выконвалі шмат іншай работы. Стагавалі салому: дзяўчаты доўгімі віламі падавалі яе наверх, а хлопцы ўкладвалі стог. Доўгі час я была звеннявой па вырошчванні льну. Ой, колькі трэба было працаваць над ім: рваць, малаціць, рассці- лаць, падымаць пасля вылежкі, церці, трапаць, сарціраваць — кароткае валакно да кароткага, доўгае да доўгага. Любуешся, бывала, на доўгія палойкі: роўныя, гладкія, аж блішчаць. Прыгажосць.
Цяжка мы жылі. Бедна. Але весела. Асабліва, калі пабудавалі ў Андрушах клуб. Адусюль з’яз- джаліся хлопцы і дзяўчаты на танцы: з Сейлавічаў, Кунасы, Затур’і, Любкаўшчыны… Ніколі не забудуся: у мяне тады адзіная пара туфляў была, ды і тыя — з дзіркай, палец вылазіў. Калі танцую — яго не бачна, а сяду — другой нагой дзірку прыкрыю і спяваю разам з усімі. Вось так было. Але дабрыні, спагады, дружбы мелі болей, чым цяпер. Зараз хапае і ежы, і адзення, і машын, і тэлефонаў. Толькі, здаецца, няма той цеплыні ў адносінах паміж людзьмі.
Працягваючы размову пра раённую газету, Алена Канстанцінаўна ўзгадала і публікацыі, героем якіх з’яўляецца протаіерэй Дзмітрый Пятровіч Хмель. Менавіта ён некалі прыязджаў у Кунасу і вёў службу ў іх Свята-Дабравешчанскай царкве. Алена Багдановіч прыслужвае ў ёй: касірам, прыбіральшчыцай, ключніцай. Царква, помнік драўлянага дойлідства ХІХ стагоддзя, працярпела, як і многія іншыя, цяжкія часы ваяўнічага атэізму. Калі яе зачынілі, ператварыўшы ў калгасны склад, вяскоўцы схавалі іконы, царкоўнае начынне. А змянілася дзяржаўная палітыка — царкву адрамантавалі, яна зноў дзейнічае. І на наступны дзень пасля нашай гутаркі Алена Багдановіч пайшла ў царкву. Праваслаўныя вернікі святкавалі Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!