Меню
Курс $  3.25 | €  3.55 | ₽100  3.67 |
Погода 20 °C

Самае каштоўнае “золата”

Нясвіжскія навіны 4 месяца назад 0 51

Пост опубликован: 18.01.2024

19 студзеня адзначаць 50-годдзе сямейнага жыцця несвіжане Віталь Канстанцінавіч і Надзея Васільеўна Раманчук.

Віталь Канстанцінавіч — вядомы ў нашым раёне чалавек: былы старшыня Нясвіжскага гарвыканкама, першы дырэктар СШ №4 і дырэктар Нясвіжскага педагагічнага вучылішча, зараз — другі сакратар Нясвіжскага райкама Камуністычнай партыі Беларусі. Быў у яго працоўнай біяграфіі і непрацяглы час кіравання Нясвіжскай гімназіяй, і некалькі гадоў работы воддаль ад малой радзімы — у Віцебскай вобласці, куды трапіў па размеркаванні пасля заканчэння гістарычнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Горкага (зараз — педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка).



Шлях да жыццёвага поспеху быў у галавы гэтай сям’і далёка не гладкі: адна толькі гісторыя яго паступлення ў ВНУ вельмі павучальная для тых, хто гатовы здацца перад першымі выпрабаваннямі лёсу. А справа ў тым, што вырасшы ў простай сялянскай сям’і ў Высокай Ліпе (бацькі былі калгаснікамі) і навучыўшыся ў 12 гадоў абганяць канём бульбу і касіць жыта на жняярцы, наш герой вельмі хацеў атры- маць вышэйшую адукацыю, стаць настаўнікам. Школы былі няблізка — давялося павучыцца і ў мясцовай васьмігодцы, і ў Сноўскай СШ, і толькі апошні год — у толькі што пабудаванай Ліпскай СШ, але ўсюды стараўся як мага. І вось — першая жыццёвая цяжкасць: паспрабаваў паступіць у педінстытут — і не прайшоў па конкурсе. Каб не сядзець без справы, стаў працаваць у калгасе. На наступны год — ізноў няўдача па той жа прычыне. Другі ўжо мог бы апусціць рукі, але не Віталь Раманчук. Адступаць не ў яго характары. Змяніўшы калгасную працу на работу дарожніка, на трэці год зноў паехаў паступаць і ўжо паступіў па-за конкурсам як чалавек з двума гадамі працоўнага стажу. А след яго працы як дарожніка, дарэчы, відзён і дагэтуль: у 1966-м годзе, калі добраўпарадкоўвалі дарогу ад Завітой да Хвоева, што ідзе праз Высокую і Вялікую Ліпу, ён пасадзіў абапал яе 100 дрэваў. І няхай яны не ўсе выстаялі да сённяшняга дня, але немалая іх частка дае цень у спёку і ахоўвае дарогу ад снежных заносаў і па сённяшні дзень.

Мне падаецца, што гэты момант вельмі сімвалічны: пакінуць пасля сябе добры след, выстаяць у буру, не зламацца ў цяжкасцях — гэта ў характары галавы сям’і Раманчук. Унікаючы ў гісторыю жыцця гэтага чалавека, становіцца сапраўды цікава, а якая ж жанчына столькі гадоў была нязменна побач з ім? А вось такая, як Надзея Васільеўна — абаяльная, сціплая і вельмі, вельмі мудрая. Гісторыя іх знаёмства вартая добрага фільма (было б здорава калі-небудзь яго зняць). Уявіце сабе аўтобусны вакзал у пасёлку Круглае Магілёўскай вобласці, на двары — 1973-і год. Віталь Канстанцінавіч — малады, прыгожы інспектар раённага аддзела народнай адукацыі Талочынскага раёна Віцебскай вобласці прыехаў у суседняе Круглае, каб купіць касцюм. Пакупка ўдалася, касцюм аказаўся вельмі добры, і ён, задаволены, прыйшоў на вакзал.

— Гляджу, — узгадвае мой суразмоўца, — стаіць дзяўчына. Сімпатычная такая, мілавідная, і як зараз помню — у паліто з норкавым каўнерыкам. Так ён ёй пасаваў! Я бяру за ёю білет, мы аказваемся ў адным аўтобусе. Пачалі размаўляць, знаёміцца. Аказалася, што яна хутка скончыць Барысаўскае медвучылішча, дзе вучыцца на фельчара, а зараз праходзіць апошнюю практыку перад дзяржэкзаменамі. А на яе пытанне, дзе ён працуе, рашыў яе выпраба- ваць і адказаў: “Грузчыкам на чыгунцы”. Як яна, думаю, адрэагуе? А яна глянула на мяне так спакойна і сказала: “Галоўнае, каб чалавек Вы былі добры”. Гэта мяне падкупіла. А ў мяне ўжо была з сабой павестка ў армію — вучоба вучобай, работа работай, а служыць трэба. І я, можна сказаць, “самавольна” упіхнуў ёй у сумачку гэту павестку. І сказаў: “Там адрас. Напішыце мне”.

Тут ужо, смеючыся, слова ўзяла Надзея Васільеўна:
— І Вы думаеце, я яму напісала? Хаця каб. Я і забылася пра тую павестку. А тут мая сяброўка, суседка па пакоі, кажа: “Так хочацца цукерак! У цябе няма?” А цукеркі якраз былі ў маёй сумачцы, з якой я прыехала. Я ёй сказала: “Вазьмі сама ў маёй сумачцы, я вельмі стамілася з дарогі”. Яна стала шукаць цукеркі і знайшла тую паперку. І пытаецца: “А што гэта ў цябе за павестка? А хто такі Раманчук Віталь Канстанцінавіч?” А я і кажу: “А я не ведаю, хто гэта”. Тут яна далей распытвае: “А можа, ты з кім пазнаёмілася, пакуль ехала?” І тут я ўсё ўспомніла. А яна не адстае: “Давай яму напішам!” Я адмахнулася: “Хочаш, сама пішы. Мне не да гэтага”. І што Вы думаеце? Яна сапраўды стала пісаць на гэты адрас ад майго імя. А пасля трэцяга ліста ён да мяне прыехаў. Вось так сяброўка дапамагла…

Ода жизни
О тебе я думаю,
Зоренька-рассвет,
Я с такою умною
Проживу сто лет.
Солнышко ты ясное,
Зеркало цветов,
Даже в дни ненастные —
Муза для стихов.
И росинкой светлою
С утренней зарей,
Радугою летнею
Будем мы с тобой.
Анатолий
Комлев.

На пытанне, чаму ж яна адразу не захацела напі- саць, хіба не спадабаўся сім- патычны малады чалавек, Надзея Васільеўна адказала, што спадабаўся, але ёй вельмі хацелася вучыцца далей, як адна з лепшых навучэнак яна збіралася паступаць пасля медвучылішча ў медыцынскі ўніверсітэт і замужжа абсалютна не ўваходзіла ў яе планы. Аднак прыезд “знаёмага з вакзала” гэтыя планы кардынальна памяняў. І ў армію праз чатыры месяцы ён пайшоў ужо сямейным чалавекам, і пакуль служыў, стаў бацькам. У сям’і Раманчук з’явіўся першынец — Косця. Затым, праз пяць гадоў, ужо на Нясвіжчыне, сям’я папоўнілася дачушкай Леначкай.

Чаго толькі не было за гэтыя гады! Жыццёвы шлях маіх герояў зусім не быў высланы чырвонай дывановай дарожкай: абодва яны многа і шчыра працавалі. Віталь Канстанцінавіч — на дзяржаўных работах, якія выконваў з усёй добрасумленнасцю сапраўднага сялянскага хлопца, які самааддана працуе сам і таго ж патрабуе ад іншых, Надзея Васільеўна — на медыцынскай ніве, з якой таксама справіцца можа далёка не кожны. Чаго вартыя адныя толькі яе дзяжурствы на “хуткай” на Віцебшчыне, калі з-за разліву рэк чалавека нельга было даставіць у бальніцу і яна сама зашывала раны і складвала паламаныя пальцы… І зараз з усмешкай успамінае, як потым калегі па бальніцы яе клікалі так: “Ну, дзе там наш мікрахірург?” Пераехаўшы на радзіму мужа яна працавала галоўнай медсястрой у паліклініцы, медсястрой-выхавацелем у дзіцячым садку, старшай медсястрой у райсельгастэхніцы, апошнія дзевяць з паловай гадоў перад выхадам на заслужаны адпачынак — акушэркай у кабінеце паліклінікі. І пасля пенсіі яшчэ дзевяць гадоў — дыспетчарам на хуткай. Працавітасці і цярпенню гэтай сціплай абаяльнай жанчыны можна толькі пазайздросціць. І ў гэтым, напэўна, і хаваецца калі не ўся, то вялікая частка яе сямейнага шчасця. А другая частка — у мудрасці, ва ўменні адчуваць, у якую хвіліну можна нешта сказаць, а ў якую — лепш прамаўчаць.

— Некалі свякроў мне казала, — узгадвае Надзея Васільеўна, — “Ох, і нялёгка табе з ім прыйдзецца! Вельмі ж ён гарачы”. Можа, яно і не без гэтага, але ж трэба прымаць чалавека такім, якім ён ёсць, гэта першае. А другое — для мяне больш важна, што ён сумленны і надзейны. Гэта галоўнае. А яшчэ тое, што мы ўсе цяжкасці пераадольвалі разам: і ў такім доме жылі, дзе неба праз дах свяцілася і з тазікамі ў дождж бегалі, і ежу гатаваць даводзілася на кірагазе і электраплітцы, і ў халоднай вадзе рукі студзіць, і мерзнуць з кепскім ацяпленнем… І гаспадарку трымалі — коз, свіней, нават свінаматку, і бульбу абавязкова саджалі і капалі…

— Я рады, што ў мяне такая жонка, — падвёў вынік нашай гутарцы Віталь Канстанцінавіч. — Мы столькі ўсяго пераадолелі, што толькі аднаго хочацца — падаўжэй пабыць разам.
Кажуць, што шлюбы заключаюцца на нябёсах. Гледзячы на мужа і жонку Раманчук з гэтым хочацца пагадзіцца: столькі падобнага у іх лёсах! Абодва рана асвоілі нялёгкую сялянскую працу (мама На- дзеі Васільеўны была дырэктарам школы, але сям’я трымала гаспадарку), абодва не адразу паступілі ў свае навучальныя ўстановы, абодва — па знаку задыяка Цяльцы і нават група крыві ў іх адна — першая з адмоўным рэзусам. Мусіць, не так проста селі яны некалі ў адзін аўтобус!..

Двое цудоўных дзяцей, якія, як і бацькі, абодва атрымалі вышэйшую адукацыю, і пяцёра ўнукаў сталі працягам іх добрай, моцнай сям’і. Засталося толькі дачакацца праўнукаў. І гэта, напэўна, і ёсць самае каштоўнае “золата” залатога юбілею — упэўненасць у тым, што ты не адзін, што побач — родная душа, знаёмая і надзейная, і што тваё жыццё працягваецца ў дзецях і ўнуках.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота
Дарыны МІТРАКОВАЙ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!