Меню
Курс $  3.25 | €  3.55 | ₽100  3.67 |
Погода 19 °C

“Срэбра” ў несвіжан!

Нясвіжскія навіны 3 месяца назад 0 35

Пост опубликован: 21.02.2024

У Фаніпалі адбылася XIX Мінская абласная алімпіяда на веданне правілаў дарожнага руху сярод навучэнцаў 5 — 7 класаў. Знаўцы з нашага раёна прывезлі з сабой агульнакаманднае другое месца і перамогу ў асабістым заліку.

Усе трое прадстаўнікоў нашага рэгіёна — Арцём Чайко, Уладзіслава Чурак і Дамініка Сачук — з’яўляюцца навучэнцамі сярэдняй школы №3 г. Нясвіжа, членамі атрада юных інспектараў дарожнага руху “Віражы”. Менавіта яны паказалі найлепшы вынік па правілах дарожнага руху на раённым этапе і прайшлі ў фінальны абласны этап.



Як расказалі юныя ўдзельнікі, XIX Мінская абласная алімпіяда складалася з двух этапаў. У першым, індывідуальным, неабходна было адказаць на 20 пытанняў па правілах дарожнага руху. На кожнае пытанне давалася па адной хвіліне.
Па выніках першага конкурсу Арцём Чайко заняў першае месца ў сваёй узроставай катэгорыі. Сярод 23 вучняў ён справіўся лепш за ўсіх і адказаў на ўсе пытанні без адзінай памылкі.
— З 60 пытанняў нашы ўдзельнікі правільна адказалі на 55, — дзеліцца вынікамі кіраўнік атрада ЮІР, дырэктар СШ №3 Марына Макаўчык. — Так што вельмі добра справіліся і Уладзіслава з Дамінікай.
Пасля падліку балаў, аказалася, што і ў агульнакамандным заліку несвіжане былі першымі!
Размеркаванне сіл змяніў другі этап — каманднае рашэнне задач па дарожнай сітуа- цыі. З ім ЮІРаўцы таксама справіліся без памылак, вось толькі, як у біятлоне, тут усё вырашыў час. Каманда несвіжан дала свой адказ пятай.
— Мы вырашылі на “0”, але па часе не былі першымі. Пытанне тычылася не толькі паводзінаў вадзіцеляў і пешаходаў на дарозе, але і адміністрацыйнай адказнасці — трэба было вырашыць, які штраф атрымае вінаваты ў парушэнні. Калі каманда, якая заняла першае месца, знайшла вырашэнне сітуацыі за 1 хвіліну 18 секунд, то мы справіліся за 1 хвіліну 49 секунд. Усяго ў гэтым этапе сем каманд адказалі дакладна.
У выніку — другое агульнакаманднае месца на XIX Мінскай абласной алімпіядзе.
— Мы рады таму, што другі год запар нашы хлопцы і дзяўчаты вяртаюцца са “срэбрам”. Хацелася б атрымаць поўную перамогу? Магчыма, але ж не адны мы старанна рыхтуемся. Стабільна ёсць пяць раёнаў, дзе на працягу года асабліва добра займаюцца з дзецьмі. Напрыклад, Мінскі, Клецкі, Смалявіцкі, Салігорскі, Барысаўскі.
Што да нясвіжскіх юіраўцаў, то кожную суботу яны вывучаюць правілы на дадатковых занятках свайго аб’яднання па інтарэсах. І ўжо зараз ведаюць правілы не горш, чым людзі, якія здаюць тэсціраванне ў аўташколе.
— На занятках мы вывучаем правілы дарожнага руху, адказнасць за іх парушэнне, медыцынскую падрыхтоўку, — пералічвае Марына Макаўчык. — Той, хто добра вывучыць правілы зараз, будзе больш камфортна сябе адчу- ваць у аўташколе. У мінулым годзе адна з маіх вучаніц заняла першае месца на рэспубліцы ў сваёй узроставай катэгорыі, вырашыўшы білет па Правілах дарожнага руху, і атрымала сертыфікат на бясплатнае навучанне на катэгорыю “В” у аўташколе. Мне падаецца, гэта добры стымул асвойваць новыя веды і ісці наперад. Плюс да ўсяго, мы цесна супрацоўнічаем з міжраённым аддзелам ДАІ Нясвіжскага РАУС. Прыемна, што аўтаінспектары заўсёды ідуць нам насустрач, перажываюць за нас, віншуюць з дасягненнямі. Дзеці адчуваюць падтрымку з боку прафесіяналаў і стараюцца не спыняцца на дасягнутым.
Вось і членам атрада юных інспектараў дарожнага руху “Віражы” няма часу спыняцца. У красавіку ў “Зубраняці” адбудзецца 52-і Мінскі абласны злёт атрадаў ЮІР. І ўжо зараз юнакі пагружаныя ў падрыхтоўку да злёту. Кіраванне роварам, аказанне першай медыцынскай дапамогі пацярпеламу, рэгуляванне дарожнага руху — гэта толькі малая частка таго, што трэба паўтарыць.
Але зараз — віншуем юных знаўцаў з прызавым месцам у алімпіядзе і жадаем далейшых добрых вынікаў у іх карысным захапленні!
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!