Меню
Курс $  3.26 | €  3.51 | ₽100  3.54 |
Погода 13 °C

Сплаў вопыту і маладога запалу

Нясвіжскія навіны 2 месяца назад 0 123

Пост опубликован: 15.03.2024

Калектыў адкрытага акцыянернага таварыства “Дабрабыт” выйшаў пераможцам раённага спаборніцтва сярод арганізацый у галіне гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання па выніках работы за 2023-і год.

Тэмп росту аб’ёму агульнай выручкі ад рэалізацыі тавараў і паслуг у таварыстве дасягнуў 120 працэнтаў да ўзроўню 2022 года. У тым ліку бытавых паслуг — 112% у дзеючых цэнах і 102,2% — у супастаўных цэнах. Рэнтабельнасць склала 5,8%. Сярэднямесяная зарплата аднаго работніка ўзнялася да 1010 рублёў, у папярэднім годзе яна была 830 рублёў. Тэмп росту — 122%.



Найбольшы прыбытак прынеслі цырульня, дзе рэнтабельнасць дасягнула 19,1%, і цэх масавага пашыву. Вельмі запатрабаваны СПА-паслугі, дзе наведвальнікам прапануюць у тым ліку вакуумны масаж і працэдуру аздараўлення ў кедравай бочцы. Запатрабаваны манікюр, педыкюр, карэкцыя броваў. Раз у месяц прыязджае з Баранавіч майстар, спецыя- ліст з медадукацыяй, і робіць жадаючым касметычныя працэдуры.

“Дабрабыт” па-ранейшаму ўтрымлівае на вёсцы комплексныя прыёмныя пункты — у аграгарадках Юшавічы, Салтанаўшчына і Астроўкі. Яны хоць і стратныя, але ж часам вельмі выручаюць вяскоўцаў, прапануючы той ці іншы тавар і паслугу.

У акцыянерным таварыстве пакрыху вядуць тэхнічнае абнаўленне. У 2023 годзе купілі новы авярлок для апрацоўкі дываноў. За кошт бюджэтных і ўласных сродкаў набылі літаральна напрыканцы года новы аўтамабіль ГАЗ-2752 “Собаль-Бізнес” для абслугоўвання насельніцтва Нясвіжскага раёна у рамках падпраграмы 1 “Даступнасць паслуг” Дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе на 2021 — 2025 гады”. У 2022 годзе замянілі дах на сваім будынку ў Нясвіжы па вуліцы Савецкай, 10. А ў 2023-м, рыхтуючыся да юбілею горада, пафарбавалі фасад, упрыгожылі ўваход жывымі кветкамі. Наогул, гэты будынак у цэнтры Нясвіжа выглядае дастойна.
І людзі ў ім працуюць энергічныя, прафесіяналы сваёй справы.

— У нашай цырульні цудоўныя кадры, — расказала мне дырэктар ААТ “Дабрабыт” Антаніна Скачко, якая дванаццаць гадоў узначальвае таварыства. — Шмат кліентаў у Тані Сідаровіч, Вікі Марчук, Насці Віхор з мужчынскай залы. Запатрабаваны прафесіяналізм Ірыны Анатольеўны Кучук, майстра па манікюры і педыкюры. Варта адзначыць, што да яе звяртаюцца і самыя патрабавальныя кліенты. СПА-паслугі аказвае Вольга Віктараўна Маглыш. У цэху масавага пашыву стараюцца швачкі Наталля Іванаўна Зізіка і Валянціна Вячаславаўна Касач, тэрмааддзелачнікі швейных вырабаў Галіна Канстанцінаўна Саўчанка і Людміла Мікалаеўна Пазняк. У гэтым цэху ўсе незаменныя ў сваёй справе. А шыем мы рэчы на давальніцкай сыравіне — мужчынскія сарочкі фірм “Эліз” і жаночае адзенне ад “Калінкі”.

У калектыве, якім кіруе Антаніна Уладзіміраўна, 47 работнікаў. Ёсць і сталыя людзі, вопытныя, і моладзь, якая ўносіць навізну. І вось гэты сплаў мудрасці і маладога запалу прыносіць добры плён.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!