Меню
Курс $  3.25 | €  3.52 | ₽100  3.55 |
Погода 13 °C

Бульдозер патрэбен усюды — ад пракладкі дрэнажу да будоўлі

Неонила ЛЮБАНЕЦ 2 месяца назад 0 21

Пост опубликован: 19.03.2024

Работу кіроўцы бульдозера нельга недаацэньваць. Ён адыгрывае ключавую ролю ў будаўнічай галіне, дапамагае ствараць дарогі, пляцоўкі для будаўніцтва, чысціць участкі ад расліннасці і робіць шмат іншай карыснай працы. Вось і наш сённяшні герой Леанід Лазюк мае добрае тэхнічнае разуменне машыны, па-майстэрску кіруе ёю і граматна ацэньвае сітуацыю на месцы.

Леанід Леанідавіч не адзін дзясятак гадоў працуе на гэтай магутнай тэхніцы. Упершыню пра будучую прафесію ён задумаўся яшчэ ў школьныя гады, калі назіраў за тым, як бацька, які працаваў у гаспадарцы на бульдозеры, у гарачы сезон перасаджваўся на камбайн. І 17-гадовы Леанід з захап- леннем пераймаў яго вопыт. Таму атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Клецкім ПТВ і прыступіў да працы. Набіраючыся вопыту то ў адной арганізацыі, то ў другой, стаў тым спецыялістам, якога многія рады бачыць у сваіх шэрагах. І ў выніку — з 2013 года працуе ў ААТ «Нясвіжскае ПМК-23».



Аб спецыфіцы сваёй справы кіроўца бульдозера кажа так: усе работы па-свойму складаныя і простыя адначасова.

— Мы працуем і падчас меліярацыі на балоце, і на будоўлях. Бывае, што нас наймаюць для зносу старых дамоў. І на кожным участку свая спецыфіка. Пры дапамозе бульдозераў нават “закрывалі” незаконныя звалкі. Гэтую працу праводзілі сумесна з ЖКГ. За сваё жыццё я засыпаў шмат кар’ераў — дзесьці паўтара дзясятка. Увогуле, каб любая работа ішла добра, важна не толькі тое, як ты сам спраўляешся, але і прафесіяналізм усёй брыгады. Трэба добра разумець адзін аднаго.

Усяго ў будаўнічай арганізацыі чатыры вопытных вадзіцеля бульдозера. А участкаў, на якіх ім даводзіцца працаваць — значна больш. Так што ўзаемадзейнічае Леанід Леанідавіч з рознымі брыгадамі і спецыялістамі.

— Весялей, вядома, калі карцінка вакол час ад часу мяняецца, — адзначае мой суразмоўца. — З часам стамляешся ад адных і тых жа краявідаў. А тут — розныя калектывы, розныя месцы.
Праца кіроўцы такой сур’ёзнай тэхнікі, як бульдозер, патрабуе высокай канцэнтрацыі ўвагі і адказнасці, так як любая памылка можа прывесці да непажаданых наступстваў. За тэхнічным станам даверанай тэхнікі кіроўца таксама пільна сочыць, сам праводзіць прафілактычнае тэхнічнае абслугоўванне, каб пазбегнуць магчымых паломак і аварый.

— Цяпер у мяне новы бульдозер. Працаваць стала значна прыемней. Узімку ўвогуле хораша. А летам, вядома, нават у легкавой машыне ў спёку не надта камфортна, але там заўсёды можна адкрыць акно і атрымаць асалоду ад ветрыку. У нашай жа справе хутка не паедзеш. Таму трэба ўмець спраўляцца з гарачынёй, якое зыходзіць ад нагрэтай тэхнікі. Моладзь перыядычна прыходзіць да нас, але не кожнаму да спадобы ўсё жыццё правесці за рулём адной і той жа машыны. Але я не бачу ў гэтым бяды, веру, што знойдуцца адказныя маладыя людзі, якія працягнуць нашу справу.

Неаніла ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!