Меню
Курс $  3.27 | €  3.51 | ₽100  3.56 |
Погода 13 °C

Дыялог скульптуры і габелена

Софья ЛЮБАНЕЦ 3 недели назад 0 81

Пост опубликован: 08.04.2024

У мастацкай галерэі “Мара” ў Нясвіжы адкрыўся ўпершыню створаны выставачны праект “Дыялог”, на якім прадстаўлены адразу два віды мастацтва — скульптура і габелен.

Скульптар Максім Пятруль, работы якога і былі прадстаўлены ў “Мары”, з’яўляецца прыхільнікам канцэптуальнага мастацтва, творчае пераасэнсаванне і спазнанне свету для якога — дыялог з гледачом. Выкарыстоўваючы выразныя алегарычныя прыёмы, скульптар ператварае мастацкі працэс у стварэнне і распрацоўку прынцыпова новага пластычнага аб’екта, новай формы. Ён працуе як са станковай, так і з гарадской скульптурай. 4 яго творы ўпрыгожваюць станцыі Мінскага метро, нядаўна скульптуры аўтара “Птушка” і “Птушкі” былі ўстаноўлены адпаведна на праспектах Дзяржынскага і Пераможцаў, “Анёл” (помнік донарам) — у Мінскім цэнтры транспланталогіі. М.М. Пятруль актыўна прымае ўдзел у міжнародных і рэспубліканскіх выставах і конкурсах. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, калекцыі Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, а таксама ў Нацыянальным мастацкім музеі Кітая. Яго гарадскія скульптуры ўстаноўлены ў Беларусі і Кітаі.



Диалог скульптуры и гобелена в художественной галерее «Мара» Диалог скульптуры и гобелена в художественной галерее «Мара» Диалог скульптуры и гобелена в художественной галерее «Мара» Диалог скульптуры и гобелена в художественной галерее «Мара»

 

Людміла Пятруль, аўтар твораў арт-тэкстылю, габелена — маці Максіма Пятруля, працуе з мноствам тэхнік, якія выкарыстоўваюцца ў сучасным мастацкім тэкстылі. Таксама яна педагог, які аднаўляў кафедру мастацкага тэкстылю Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, працуючы старшым выкладчыкам. Людміла Іванаўна — пастаянны ўдзельнік рэспубліканскіх і міжнародных арт-праектаў. Вядомая сваімі габеленавымі і графічнымі творамі, прысвечанымі творчасці беларускіх літаратараў Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія знаходзяцца ў зборах літаратурных музеяў Мінска і Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Узнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”.

— Праект “Дыялог” — вельмі шматгранны і прысвечаны не толькі дыялогу паміж мастаком і галерэяй, габеленам і скульптурай, скульптурай і архітэктурай, але і паміж Мінскам і Нясвіжам, пра які я ведаў даўно, але глыбока зацікавіўся ім дзякуючы кнізе Уладзіміра Несцяровіча Дражына “Нясвіж у лёсах майго пакалення”, — адзначыў Максім Пятруль у гутарцы з карэспандэнтам «НН». — На яе прэзентацыі я пабываў летась і пранікся ідэяй адкрыць у гэтым цудоўным горадзе такі незвычайны праект. Ён створаны для таго, каб наша культура, мастацтва, нашы гарады, сама наша штодзённасць былі разнастайнымі, цікавымі і прыцягвалі людзей. А мы, працаўнікі мастацтва, імкнемся ўнесці ў гэта свой пасільны ўклад.

Максім Міхайлавіч таксама адзначыў, што Нясвіж — гэта ўнікальны горад з найцікавейшым культурным мінулым, і каб гэтае мінулае не заставалася толькі мінулым, такія праекты, як “Дыялог”, закліканы ствараць і захапляльную культурную сучаснасць.

Праект сапраўды атрымаўся вельмі цікавым і арыгінальным, што і адзначылі ў сваіх віншаваннях яго аўтару Ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа, дзяржаўны дзеяч і пісьменнік Уладзімір Дражын, старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык, старшыня саюза дызайнераў Беларусі Сяргей Варкін, першы намеснік Беларускага саюза архітэктараў Вадзім Дражын, намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Балцянкоў, дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Дзмітрый Яшчанка.

Як адзначыў у сваім выступленні Уладзімір Дражын, які зрабіў кароткі экскурс у гісторыю аднаўлення Нясвіжа як культурна-гістарычнага помніка, акрамя зямных спраў, чалавек павінен адчуваць нямую метафізіку свайго часу, што, па сутнасці, фарміруе будучыню.

— У Беларусі ёсць і іншыя выдатныя помнікі, але нямногія мы здолелі ўзняць на такі ўзровень сусветнай значнасці, як гістарычную і культурную спадчыну Нясвіжа, — сказаў Уладзімір Несцяровіч. — Гэты гістарычны і культурны працэс працягвае выстава “Дыялог” у галерэі “Мара”. Гэта чарговы адкрыты ўрок Нясвіжа. Габелен і скульптура, народнае ткацтва і акадэмічнае ўменне майстра ствараць унікальныя творы з металу і іншых матэрыялаў стварылі незвычайны тандэм двух мастацтваў, у якім кожны глядач знойдзе нешта сваё.

Застаецца дадаць, што выставачны праект “Дыялог” будзе працаваць у галерэі “Мара” да 3 чэрвеня. Не прапусціце!

Дыялог скульптуры і габеленаДиалог скульптуры и гобелена в художественной галерее «Мара»Диалог скульптуры и гобелена в художественной галерее «Мара»Диалог скульптуры и гобелена в художественной галерее «Мара»Диалог скульптуры и гобелена в художественной галерее «Мара»

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!