Меню
Курс $  3.25 | €  3.52 | ₽100  3.55 |
Погода 11 °C

З надпісам “Ost” на грудзях

Нясвіжскія навіны 1 месяц назад 0 22

Пост опубликован: 09.04.2024

11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Сямнаццаць гадоў таму я сустракалася з былым вязнем фашысцкага лагера, жыхаром вёскі Астроўкі Іванам Юльянавічам Маргевічам. Цяпер яго ўжо няма на гэтай зямлі, а вось аповед 82-гадовага вяскоўца пра жахі, якія яму давялося зведаць у фашысцкім лагеры падчас Вялікай Айчыннай вайны, застаўся. Мы звярнуліся сёння да яго з нагоды гістарычнай даты: 11 красавіка



ва ўсім свеце адзначаецца як дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Страшна, жудасна ўсведамляць, якія здзекі чыніла фашысцкае звяр’ё, што толькі выцерпелі нашы людзі. Пра гэта трэба ведаць, каб болей цаніць наша мірнае жыццё, працу дзеля дабрабыту кожнага беларуса.

Ішла вясна 1943 года. Трэцяга красавіка стараста аб’явіў па Астроўках, каб усе з’явіліся на чыгуначны вакзал у Гарадзею атрымаць нямецкія пашпарты. Прыстрашыў: хто не мае дакумента, будзе строга пакараны. Пайшлі туды і браты Маргевічы. “Запрашэнне” аказалася звычайнай хітрасцю прадстаўнікоў акупацыйнай улады. “Вялікай Германіі” патрэбна была свежая партыя рабочай сілы. Новыя “гаспадары” ўвачавідкі рассартавалі людзей — каго куды. Васемнаццацігадовы Іван Маргевіч апынуўся сярод тых, каго адводзілі ў будынак вакзала. Імі запоўнілі вагоны і павезлі на захад. Брата яго адпусцілі дамоў.

Іван працаваў ў ліцейным цэху ваеннага завода ў невялікім нямецкім гарадку. Вялізнымі вёдрамі яны насілі расплаўленую масу і залівалі яе ў формы. Рабочы дзень доўжыўся з шасці раніцы да шасці вечара. Паўгадзінкі, бывала, удавалася адпачыць. На тыдзень выдавалі кожнаму 1,5-кілаграмовую буханку хлеба і на чатырох — 200-грамовы пачак маргарыну. Кожны вечар яшчэ — па 3 вараныя бульбіны з лупінаю. А той хлеб, успамінаў Іван Юльянавіч, ён з’ядаў за раз, пакуль ішоў з завода ў лагер.
— Я там усё жыццё прабыў, — казаў мой суразмоўца. Не, не агаварыўся ён. І не ў літаральным сэнсе “ўсё жыццё”. Проста за тыя два з невялікім гады — з красавіка 43-га да мая 45-га — столькі пакут і знявагі давялося перанесці, што хапіла на ўвесь век.
Успамінаць былому вязню было нялёгка. Не-не ды сціскалі спазмы горла, з блакітных вачэй выцякалі слёзы. Глухаваты голас змаўкаў. Мы мянялі тэму размовы. Пасля, супакоіўшыся, Іван Юльянавіч працягваў:
— Калі хто трапіў на работу да гаспадара, ды яшчэ не лядачага — можа, ім крыху лепей было. Там хоць украў бы чаго паесці. Я, ідучы вечарам з работы, за акрайчык хлеба прасіўся ў пажылых гараджан ці градку ўскапаць, ці яшчэ што дапамагчы.
Фашысты нас за людзей не лічылі. Іншы раз думаў уцячы. Але што зробіш, калі над табой са зброяй ды з сабакамі стаяць?! І куды дзенешся ў чужой краіне? У які бок пойдзеш? Адзіны арыенцір быў — туды, адкуль сонца ўстае. Спачатку я спадзяваўся, што гэта маё рабства хутка скончыцца. Не хацелася думаць пра самае горшае. Але ішоў час, надзея на зварот дадому пачынала гаснуць. Мозг свідравала адзіная думка: калі ж які канец наступіць? Адказу не ведаў. І ў каго было пытацца? Побач знаходзіліся такія ж змардаваныя, такія ж няшчасныя.

У лагеры жылі людзі розных нацыянальнасцей: рускія, французы, італьянцы, чэхі, славакі. Ён не ведаў іншых моваў, таму размаўляў толькі з рускімі — у бараку праз перагародку. Калі ўдавалася назбіраць акуркаў у пачак з-пад запалак, перакідаў ім. Сваіх, з вёскі, разам не было нікога, хаця ў той дзень забралі многіх. А для астатніх ён проста быў чалавекам адтуль, адкуль узыходзіць сонца: на грудзях і спіне ў рускіх стаяў надпіс “Ost”.
Пры набліжэнні савецкіх войскаў вязняў пачалі машынамі вывозіць з завода ў крэматорый. Калі не ў рабства — дык знішчыць, не пакінуць ад людзей нічога — такой і была мэта той крывавай бойні, развязанай у Еўропе ашалелым фюрэрам і яго прыспешнікамі. І толькі бамбёжка нямецкага горада самалётамі з чырвонымі зорачкамі на крылах выратавала Івана Маргевіча ад смерці ў печы — грузавік за імі ўжо не вярнуўся. На тэрыторыі завода з’явіліся нашы салдаты.

Пасля вызвалення ён пайшоў служыць у Савецкую Армію, але ў 1946-м камісавалі з-за пакалечанай на нямецкім заводзе левай рукі.
Вярнуўся дамоў. Трэба было падымаць гаспадарку: араць, сеяць. Бацьку, Юльяна Іванавіча, немцы расстралялі яшчэ ў 1942-м каля Нясвіжа.
Быў Іван Юльянавіч добрым гаспадаром, працавітым чалавекам. Меў 7 гектараў зямлі, дзвюх кароў. Яго выбралі дэпутатам сельскага Савета. Хоць і непісьменны быў, але аўтарытэтам у суседзяў карыстаўся. Брат Івана Леанід загінуў на фронце ў 1945-м. Маці рана састарылася ад гора.
Крыху стаўшы на ногі, Іван Юльянавіч абзавёўся сваёй сям’ёй. Выгадавалі сына і дачку. Жонка, Ганна Аляксееўна, доўгі час працавала на калгаснай ферме даяркай. Ён пасвіў гэты статак. У 1972 годзе на бацькоўскай сядзібе пабудавалі новую хату.
Ішло мірнае жыццё на радзіме, праца на сваёй зямлі дзеля дабрабыту сваёй сям’і, будучыні дзяцей. Як цаніў Іван Юльянавіч гэтыя шчаслівыя гады! Ён застаўся жывым у фашысцкім пекле, пра якое ўспамінаў з болем у сэрцы.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Фота з архіва рэдакцыі.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!