Меню
Курс $  3.25 | €  3.52 | ₽100  3.55 |
Погода 7 °C

“Мае сцяжынкі з водарам Радзімы…”

Нясвіжскія навіны 4 недели назад 0 12

Пост опубликован: 17.04.2024

Зразумець, якую прыцягальную сілу мае наш Нясвіж, можна па-сапраўднаму толькі тады, калі лёс дасць магчымасць табе паблукаць па свеце. Нават не з уласнага капрызу, а па важных і неадкладных справах, дзеля выканання грамадзянскага абавязку. Але родны горад не адпусціць, будзе з’яўляцца ў снах, запрашаць хаця б на сустрэчу. А яшчэ наш горад умее чакаць, і яго чаканне амаль заўсёды спраўджваецца. Бо забыцца пра сваю малую радзіму нікому яшчэ не ўдавалася.



Карэнная несвіжанка, педагог з саракачатырохгадовым працоўным стажам, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, сябра Дзяржынскага раённага народнага клуба “Натхненне”, аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі Людміла Круглік лічыць, што Нясвіж — гэта неад’емная частка яе душы. Падчас чарговай сустрэчы з ўдзельнікамі сумеснага праекта “Парады з вуснаў Несвіжан” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, раённай газеты “Нясвіжскія навіны” і СШ № 4 г. Нясвіжа перад наведвальнікамі гуртка “Юны журналіст” гэтай навучальнай установы Людміла Уладзіміраўна прамовіла:

— Я ўраджэнка Нясвіжа і люблю свой горад усёй душой,
усім сэрцам. Таму самае лепшае, што я пішу і пісала, усё натхненне, якое ў мяне ёсць, я ўвасабляю
тут, наведваючы старадаўнія
мясціны ў парку, блукаючы
па беразе возера. У мяне нават ёсць любімая лавачка, на якой
я падоўгу сяджу, назіраючы,
як плаваюць качкі, як мільгаціць рабізна на вадзе. Люблю сустракаць
раніцу разам з родным горадам.

Расказала паэтка і пра свае жыццёвыя пуцявіны, навуку, узятую ад бацькоў, пошук свайго месца ў жыцці, распавяла і пра асноўныя тэмы творчасці.
Наша зямлячка нарадзілася 9 верасня 1949 года. Па яе словах, “у той час, калі лета было ўжо на зыходзе, а восень рабіла свае першыя крокі”. Тата, Уладзімір Іванавіч Камісараў, быў загадчыкам раённай цэнтральнай зберагальнай касы. Мама, Клара Сяргееўна, працавала ў райкаме партыі.
Дзяўчынка ведала, што тата ваяваў, і часта прыставала да бацькі:
— Тата, кім ты быў на вайне?
Бацька не любіў пра гэта гаварыць і адказ- ваў жартам:
— Из-под пушек гонял лягушек…
Тата смачна гатаваў і дзяўчынка вырашыла, што на вайне ён быў поварам. А як даведалася пазней, Уладзімір Іванавіч прайшоў усю вайну з 1941 па 1945 год, служыў наводчыкам у танкавых войсках, ваяваў у Сібіры, дайшоў да Берліна, браў Рэйхстаг.
Магчыма таму і тэма вайны для паэткі адна з самых балючых. І самая вялікая колькасць твораў — каля пяцідзесяці вершаў — даніна памяці тым падзеям і людзям, якія падаравалі нам мірны дзень:
— На маіх вачах былі пасляваенныя калекі. Гэта не тое, што сёння, калі можна выкарыстоўваць пратэзы. Яны хадзілі на мыліцах, ездзілі на драўляных калясках. Я не магу спакойна пра гэта ўспамінаць і з гэтым змірыцца. Тэма вайны галоўная і самая трапяткая ва ўсёй маёй творчасці. Неяк я ўдзельнічала ў міжнароднай акцыі “Лісты”, напісала пісьмо дзеду па маці — Сяргею Палікарпавічу Жуку, які таксама ваяваў. Дзеда я ніколі не бачыла, ён памёр у 1946 годзе, пасля вайны, прыехаўшы з санаторыя, дзе намагаўся паправіць парушанае вайной здароўе. Калі пачынаеш думаць: “як, навошта, чаму?”, — у маёй свядомасці вайна перакрэслівае ўсё. У галаве круцяцца словы “вясна-вайна”, і пасля нараджаецца верш, у якім ёсць такі радок: “Не хочу рифмовать весну и войну… “.
Але вернемся зноў да пачатку. У сям’і Камісаравых было чацвёра дзяцей (акрамя Людмілы і сястры Ніны, яшчэ браты — старэйшы Сяргей і малодшы Аляксандр). Калі Людміле было пяць гадоў, яе старэйшая сястра Ніна ішла ў школу. У гэты час Людміла ўжо добра чытала і нават лічыла. Яна сама пайшла да дырэктара школы, папрасіла, каб той дазволіў пайсці ў першы клас разам з сястрой. І вельмі засмуцілася, калі сказалі, што яшчэ рана.
У 1956 годзе Людміла Камісарава пайшла ў першы клас СШ № 2, якую скончыла ў 1966 годзе і адразу ўладкавалася на працу. Спачатку — лабарантам у вячэрняй школе, пасля — піянерважатай у вёсцы Салтанаўшчына.
— Першае, што я ўзяла з дзяцінства, назіраючы за бацькамі, — гэта працавітасць. І другое, ужо ў сярэдніх класах, я паставіла сабе мэту многа ведаць, вучыцца, атрымаць добрую адукацыю. І я ўвесь час імкнулася ісці да сваёй мэты, — працягвае ўспаміны Людміла Уладзіміраўна.
У 1968 годзе яна паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя Пушкіна на факультэт рускай філалогіі. Пасля заканчэння працававала выхавацелькай трэцяга дзіцячага садка ў нашым горадзе, а затым яго загадчыцай. У 1978 стала загадчыцай сада-яслей у вёсцы Рудаўка. Некаторы час разам з мужам Віталіем Рыгоравічам жыла ў ГДР, куды яго накіравалі па вайсковай службе. Людміла Уладзіміраўна і там працавала па спецыяльнасці — выхоўвала дзяцей.
— У выбары прафесіі я не сумнявалася ўжо са школьных гадоў. Па-першае, я сама вельмі любіла вучыцца. І ўсе гады вучобы я даглядала малодшых дзяцей, была важатай, затым добрым камсамольскім важаком. Я ведала, што буду настаўніцай, буду вучыць дзяцей, — успамінае наша суразмоўца.
Сёння Людміла Уладзіміраўна ўпэўнена, што настаўнік — гэта не прафесія, гэта — прызванне:
— Тут нельга толькі адбываць свае гадзіны без любові да дзяцей. Вучня трэба любіць і ставіцца да яго так, як быццам бы гэта тваё дзіця. Цяперашнія дзеці адрозніваюцца ад нас, ранейшых, а таксама ад нашых дзяцей. Яны — пакаленне камп’ютара і таму трэба глядзець на іх іх вачыма, трэба разумець, што перад табой — асоба. Юнае пакаленне таксама мае сваё разуменне жыцця. Са сваёй педагагічнай практыкі ў мяне ёсць такое назіранне, што вучні, якія вучыліся вельмі дрэнна і дрэнна сябе паводзілі, пасля выраслі і сталі вельмі цікавымі людзьмі. Важна не пакінуць іх без увагі, пастарацца знайсці спосабы выправіць сітуацыю. Вось на прыклад, адзін мой вучань. Вучыўся дрэнна, паводзіны адпаведныя. Мама выхоўвала хлопчыка адна. На той час ён ужо быў пяцікласнікам. І вось у Дзяржынску, дзе я з сям’ёй жыла і працавала з 1992 года, пры храме адчынілі нядзельную школу. І маці ўгаварыла сына пайсці туды. Гэта аказалася прызваннем яго жыцця. Сёння мой вучань — святар, вельмі паважаны чалавек. Яго жонка, матушка Вольга, ладзіць духоўныя перадачы. Запрашае і мяне разам з іншымі паэтамі з Дзяржынска разбавіць уласнай духоўнай паэзіяй тлумачэнні святарамі Евангельскіх тэкстаў, павучальныя гісторыі з жыцця Праваслаўнай царквы і асобных людзей.
Людміла Круглік пачала пісаць вершы са школьных гадоў. Спачатку проста для сябе, нікому не давяраючы свае першыя паэтычныя памкненні. Пасля быў перапынак. І вось аднойчы яна ехала на электрычцы ў родны горад, у госці да бацькоў. Была вельмі прыгожая восень. І тут ні з таго ні з сяго ў душы пачалі нараджацца радкі. З сабой не было нататніка. І верш прыйшлося напісаць на білеце, атрыманым у жалезнадарожнай касе.
Гулко стучат колёса.
На родину еду я.
Смотрят в окно берёзы,
Вдаль унося меня…
Дарэчы, Радзіма заўсёды займала ў сэрцы нашай зямлячкі асаблівае месца. Будучы ў Германіі, яна імкнулася ў думках да беларускіх краявідаў і вельмі па іх сумавала. І калі ў 1987 годзе вярталіся дамоў, вельмі хацелася ў Беларусь. Але тады паўсюль была Радзіма — Савецкі Саюз. Мужа разам з ёю і дзецьмі — дачушкамі Аленай і Дар’яй — накіравалі ў закрыты ваенны гарадок паблізу расійскага горада Юхнаў Калужскай вобласці, дзе сям’я і жыла да вяртання ў Дзяржынск на пачатку дзевяностых. Абаснавацца ў Нясвіжы так і не атрымалася.
Самая важная падзея ў літаратурнай творчасці Людмілы Круглік, зразумела, — уступленне ў верасні 2014 года ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
— Калі мне аб’явілі, што я — член Саюза пісьмненнікаў, я зразумела, што мая мара, як літаратара, збылася. Са свайго дзяцінства і юнацтва, і пасля, калі ўжо працавала настаўніцай, я лічыла, што пісьменнікі — гэта людзі высокага рангу, вельмі адукаваныя, і мне нават не верылася, што я далучылася да іх кагорты.
Людміла Уладзіміраўна параіла рабятам паболей чытаць. Ёй самой у юнацтве і зараз падабаюцца вершы Сяргея Ясеніна “за яго адкрытасць, талент, прастату складу, за вобразнасць”.
— Вам бы я парэкамендавала прачытаць і апавяданні Льва Талстога. Адно з іх — “Бацька і сыны”, якое вучыць, як паводзіць сябе ў сям’і, а таксама з сябрамі. Аўтар гаворыць, што калі ў згодзе будзеце жыць, ніхто вас не адолее. А калі будзеце сварыцца, ды жыць паасобку, вас усякі загубіць. Трэба сябраваць, трымацца адзін за аднаго і дапамагаць, калі ваша дапамога патрэбна, — раіць паэтка.
Рабяты спыталі, без чаго ў жыцці нельга абысціся, на што госця праекта адказала:

— Нельга жыць без надзеі,
без спадзявання на лепшае.
Нельга жыць без веры.
Без веры ў Бога, без веры ў сябе,
у людзей, якія побач з вамі.
І, канечне, нельга жыць без любові. Любові да ўсяго, што нас атачае, той, якая натхняе ісці наперад. Любоў — гэта неад’емная
частка нашага жыцця.
Для гэтага мы нарадзіліся і жывём. Мне здаецца, што любоў і жыццё — два рухаючыя складальнікі,
якія нам дазваляюць жыць
на гэтай зямлі, тварыць, марыць, верыць, спадзявацца.

І нам разам з вамі, шаноўныя чытачы, робячы вывады з пачутага з вуснаў нашай зямлячкі, таксама не застацца б у гэтым жыцці без надзеі, веры і любові. А яшчэ без Ра- дзімы. Няхай іншымі землямі натхняюцца іх жыхары, а нам бы сваім хараством наталіцца. І ніколі не губляць жадання вяртацца да каранёў, з розных дарог спяшацца да сваёй Радзімы — вялікай і малой, на сцяжынкі, кажучы словамі Людмілы Круглік “з водарам радзімы”, і абавязкова, каб нас тут чакалі і дачакаліся.
Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік праекта “Парады з вуснаў несвіжан”.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!