Меню
Курс $  3.25 | €  3.52 | ₽100  3.55 |
Погода 11 °C

Мелодыі, народжаныя натхненнем

Нясвіжскія навіны 3 недели назад 0 16

Пост опубликован: 23.04.2024

Струны душы… Ці стане хто спрачацца, што ў душы ёсць струны? Не сумнявайцеся. Бо наша душа — субстанцыя жывая. Яна ўмее спяваць і плакаць. Яна нясе ў гэты свет сваю мелодыю, таксама вясёлую ці сумную, якая пераліваецца ў паэтычныя радкі, далучаючы да  мелодыі  слова. Вось так нараджаюцца вершы.  Так — з мелодыі і слова — складаецца  зборнік сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Вольгі Жэрка “Струны душы”.



Мелодыі, сабраныя пад гэтай назвай, у большасці сумныя. Сумныя, бо ніколі не вернуцца маладыя гады — і хоць цяжкія, але поўныя радасці і шчасця,  бо побач была мама, каханы чалавек. Цяпер застаецца толькі ў думках вяртацца на сцежкі дзяцінства, юнацтва, жывіць памяць успамінамі і заклікаць нас, чытачоў, не забывацца на мінулае. Бо без мінулага, як вядома, няма будучыні. Мне не трэба нічога, Акрамя цішыні, Не прашу я за многа: Ты ў акенца былога Лішні раз зазірні. Бо было у ім нямала  Ціхіх слёз, дабрыні, А пад стрэхамі ластаўкі Свае гнёзды вілі. Да мелодыі ўспамінаў дадаецца мелодыя кахання, якая гучыць у вершах “Чаму мне так сёння балюча”, “Я верю в судьбу, верю в счастье”, “Кудесница”, “Я хацела сустрэчы”, “Берегите любовь свою, люди” і многіх іншых. Паэтка ўспрымае каханне як узнагароду, дар Божы. Яно жыве ў сэрцы, пакуль цепліцца там жыццё (верш “Пакуль жывём, празаічны твор “Берегите любовь”). А яшчэ пануе ў зборніку мелодыя дабрыні. Без яе струны душы заціхлі б, страцілі голас. У многіх вершах паэтка заклікае рабіць дабро, таму што яно заўсёды перамагае (вершы “Годы пролетели”, “Спасибо, жизнь за радость”). Паэзія В.Я. Жэркі вучыць быць удзячнымі Богу і людзям, цаніць кожны пражыты дзень, бо ён непаўторны. Не менш меладычныя і празаічныя творы Вольгі Якаўлеўны. Кожная  замалёўка — “Улыбка весны”, “Каб не плакалі бярозы”, “Я люблю” — гэта прызнанне ў любові роднаму краю, замілаванне яго прыгажосцю. У замалёўцы “Торжество жизни” гаворыцца аб самым светлым пачуцці — любові маці да свайго дзіцяці, а таксама  аб бязмежнай любові да ўсяго чалавецтва нашай Нябеснай Заступніцы.  Многа дарог вымерала за сваё жыццё Вольга Якаўлеўна, а ўсё ж усе яны, без выключэння, вяртаюць яе ў родную вёску, на цудоўную  нясвіжскую зямлю, якой няма роўных, у старажытны Нясвіж, дарагую Беларусь, якая, па словах паэткі “чыстая, як кропля расы…” ( вершы “Заплакала сэрца ад болю”, “Памяць сэрца”,“Прызнанне”, “Упаду я на землю теплую”).   І хай імчаць у сівую далячынь гады, хай падаюць і нараджаюцца зоркі, толькі б душа заставалася заўсёды жывой, здольнай падняцца да нябёсаў, каб зноў і зноў гучала ў ёй мелодыя кахання, дабрыні і вернасці. Каб зноў і зноў трапляла яна ў кожны дом, напаўняючы яго радасцю, народжанай натхненнем. “Струны душы” —  другая кніга паэткі. Першая — “Цветной звездопад” пабачыла свет у 2003 годзе. Роўна праз дваццаць гадоў  Вольга Якаўлеўна сабрала свае, змешчаныя ў раённым друку вершы і нарысы, дадала новыя і                                        чытачы Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы мелі нагоду сабрацца  ў чарговы раз ў адной з яе ўтульных залаў,  каб зноў ушанаваць Яе Вялікасць Паэзію, аддаць пашану ўдумлівай прозе. Новая кніга Вольгі Якаўлеўны  «Тропинка к родному дому» склалася з яе  паэтычных і прозаічных  твораў. Над выданнем папрацавалі супрацоўнікі бібліятэкі  Алена Шастак, Таццяна Байкаш і аўтар гэтага матэрыялу. Рэдактарам выдання стала былая карэспандэнтка Раіса Хвір. Вольга Якаўлеўна расказала пра свае папярэднія кнігі, якія ўсе жалаючыя могуць знайсці ў фондзе бібліятэкі, а затым звярнулася да юных удзельнікаў імпрэзы — навучэнцаў Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, параіла не забываць бацькоў, часцей звяртацца да іх па жыццёвыя парады.  Жыццё кожнага чалавека пачынаецца з Радзімы. І насуперак меркаванню, што Радзіма, як і маці, у нас адна, у Вольгі Якаўлеўны дзве Радзімы. Яна нарадзілася ў Расіі — у вёсцы Палікі Думінічскага раёна Калужскай вобласці. З першай Радзімай разлучыла вайна. У Беларусі двухгадовая Вольга разам з маці і іншымі сваякамі апынулася у 1942 годзе. Назад, у Расію, пасля вайны ўжо не вярнуліся. Так і прайшло дзяцінства паэткі ў маляўнічым куточку Нясвіжчыны — вёсцы Сычэва.  Вольга Якаўлеўна закончыла Карцэвічскую сярэднюю школу, вучылася ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме. Працавала рахункаводам-касірам у аддзеле сацыяльнага забеспячжння Нясвіжскага райвыканкама, у райкаме камсамола, райкаме партыі, гарадской бібліятэцы. 25 гадоў была сакратаром Нясвіжскага сельскага выканаўчага камітэта.   Сябрам раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” паэтка стала з першага дня яго ўзнікнення — з 6 кастрычніка 2006 года. Творы Вольгі Якаўлеўны напрацягу многіх гадоў друкаваліся на старонках газеты “Нясвіжскія навіны”, увайшлі ў калектыўныя зборнікі “Букет валошак”, “З адценнем любові”, “Паспець на размову”, “З палітры маёй Радзімы”, “Нясвіжскі ўток”.  Тое, што было не сказана ў прозе, Вольга Якаўлеўна  дапоўніла вершамі.       Кожны аўтар імкнецца да таго, каб яго слова сагравала душу, несла шчасце людзям, якія, на думку нашай гераіні, самі  шчасце і ствараюць. Для гэтага патрэбна не так многа:  не адхіляцца далёка ад родных сцяжынак, ці хаця б калі-нікалі на іх вяртацца, памятаць сваіх  бацькоў, пах яблыкаў з саду свайго дзяцінства і радавацца кожнаму дню, падараванаму Творцам менавіта для шчасця і зноў жа, для творчасці.                                                                              Кніга Вольгі Жэрка «Тропинка к родному дому», дапоўненая новымі творамі,  зараз чакае свайго перавыдання ў Нясвіжскай друкарні імя Сымона Буднага. Як толькі гэтая падзея стане рэальнасцю, мы — мае калегі і чытачы бібліятэкі, і ўсе, хто зацікавіцца паэзіяй і прозай нашай зямлячкі, будзем рады новай сустрэчы зёй самой, яе творчасцю:  праўдзівай, узнёслай, аздобленай жыццёвымі назіраннямі і мудрымі ўрокамі пражытых гадоў. Да сустрэчы ў бібліятэцы, шаноўныя несвіжане.

Валянціна ШЧАРБАКОВА, кіраўнік раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!