Меню
Курс $  3.26 | €  3.51 | ₽100  3.54 |
Погода 19 °C

Самае галоўнае — выпускаць добрую прадукцыю

Неонила ЛЮБАНЕЦ 2 недели назад 0 20

Пост опубликован: 06.05.2024

ААТ “ГАРАДЗЕЙСКІ ЦУКРОВЫ КАМБІНАТ” — адно з перадавых прадпрыемстваў нашага раёна, і працуюць там людзі, якія ведаюць кошт працы. Сярод работнікаў, якія ўносяць значны ўклад у вытворчы працэс і імкнуцца  да дасягнення агульных мэт, — майстар аддзялення дробнай фасоўкі цукру Дзмітрый Гарошка.

Дзмітрый Мікалаевіч — ураджэнец Гарадзеі. Пасля заканчэння Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа ён вярнуўся на родную зямлю працаваць на роднае горадаўтваральнае прадпрыемства. Яшчэ ў дзяцінстве Дзмітрый уяўляў, як гэта — працаваць на заводзе. Карціну дапаўнялі і расповеды бацькоў, якія самі працавалі там. І вось у 2014 годзе ён уладкаваўся сюды аператарам лініі вытворча-харчовай прадукцыі. І зразумеў, што гэтая частка працы кардынальна адрозніваецца ад перапрацоўчай вытворчасці. З гэтым участкам ён быў незнаёмы, а таму акунацца ў працу было толькі цікавей.



— Спачатку, — прызнаецца герой матэрыялу, — было няпроста, але неўзабаве я прылаўчыўся і асвоіўся. Тэхналагічны працэс мае свае асаблівасці. Адна з іх — гэта хуткасць. Да яе трэба было прызвычаіцца, каб усё рабіць аператыўна. Але як толькі налаўчышся — працаваць адно задавальненне.

Кар’ерны рост адбыўся ў Дзмітрыя Гарошкі ў 2022 годзе, калі яго перавялі на пасаду майстра аддзялення. А гэта зусім іншы ўзровень адказнасці.

— Аператарам ты адказваеш толькі за сваю лінію, а тут — за ўсё: за кожнага работніка, за кожны від прадукцыі. Майстар павінен быць добрым спецыялістам, ведаць усё абсталяванне, умець працаваць з людзьмі. Бо важна не толькі самому добра выконваць сваю працу, але і ўмець эфектыўна кіраваць персаналам і забяспечваць выкананне вытворчых задач, — расказвае пра свае абавязкі майстар аддзялення.

На дадзены момант у падпарадкаванні Дзмітрыя 16 працаўнікоў, якія працуюць як адзіны механізм.

— Я рады, што ў мяне добры калектыў. Асабліва ўдзячны такім работнікам, як Валерый Пячынскі і Сяргей Шарамета, якія выконваюць працоўныя абавязкі нават звыш таго, чым патрабуеш.
Нягледзячы на ​​тое, што праца майстра не самая простая, майму суразмоўцу падабаецца ў ёй усё, а асабліва — тэхнічныя пытанні.

Як майстар аддзялення Дзмітрый Гарошка працуе па 12 гадзін у змену. За гэты час толькі на адной з ліній фасуецца да 84 тон рассыпнога цукру — а гэта немалыя аб’ёмы.
— Я не магу ўявіць сябе на працы з графікам “пяць праз два”, мне здаецца, што гэта нязручна. А тут — строгі рытм. І мне гэта камфортна.

Дзмітрый не толькі любіць сваю  працу, але і імкнецца пашыраць свае веды. Для гэтага пяць гадоў таму паступіў у Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт на спецыяльнасць “інжынер-механік”, які закончыць сёлета.

На пытанне аб тым, якімі якасцямі павінен валодаць работнік вытворчасці, Дзмітрый адказаў проста: адказнасцю, дысцыплінаванасцю і пажадана, каб яшчэ і аналітычным складам розуму для хуткага вырашэння вытворчых пытанняў.

— Самае галоўнае ў нашай працы — бесперабойна выпускаць якасную прадукцыю. І для гэтага ў нас ёсць усё неабходнае: пачынаючы ад тэхнікі і заканчваючы ўмелымі працаўнікамі — упэўнены мой суразмоўца.

Неаніла ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!