Па старонках “Нясвіжскай газеты”

Поделитесь с друзьями
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

gazeta-nesvizhska

Паважаныя чытачы! Прапануем вашай увазе цыкл публікацый загадчыка сектара навукова-экспазіцыйнай дзейнасці ДУ “НГКМЗ “Нясвіж” Андрэя Блінца аб зараджэнні перыядычнага друку ў нашым раёне, аб акалічнасцях жыцця несвіжан амаль стогадовай даўнасці. Спадзяёмся, што гэта тэма будзе цікавай для вас. Будзем рады атрымаць ад вас водгукі пра яе, а таксама іншую цікавую інфармацыю аб даваенным жыцці Нясвіжчыны,  якую вы можаце дасылаць на адрас рэдакцыі.

 

Прынята лічыць, што гісторыя раённай газеты пачынаецца  з верасня 1939 г., калі,  пасля аб’яднання Усходняй  і Заходняй Беларусі,  у горадзе пачаў выдавацца “Чырвоны сцяг”. Але “раёнка” мела сваіх папярэднікаў,  пра якіх не заўсёды  згадваюць, а часам  і не ведаюць.

На думку некаторых даследчыкаў, традыцыі перыядычных выданняў у горадзе ідуць прынамсі ў XVI ст. Лічыцца, што першая беларуская газета-аднадзёнка ўбачыла свет у друкарні братоў Кавячынскіх у 1563 г. Яна называлася “Навины грозные а жалосливые о нападе княжати Московского Ивана на землю русску…” і распавядала пра захоп Полацка войскам Івана Грознага. Некаторыя аўтары ХІХ ст. (Ул. Сыракомля, П. Шпілеўскі) згадвалі газету, якая выдавалася пры двары князёў Радзівілаў. Але сёння цяжка сказаць, наколькі гэта сцвяр-джэнне адпавядае сапраўднасці.

А вось існаванне польскамоўнай “Нясвіжскай газеты” (Gazeta Nieswieska), першы нумар якой убачыў свет 95 гадоў таму, ніякіх сумненняў не выклікае.

Каб зразумець умовы і прычыны ўзнікнення гэтага выдання, варта сцісла нагадаць падзеі 1921 г.

18 сакавіка мірнае пагадненне, падпісанае ў Рызе паміж прадстаўнікамі Польскай рэспублікі з аднаго боку і дэлегацыямі Савецкай Расіі і Украіны з другога, падвяло рысу пад польска-савецкай вайной. Заўважу, што дэлегацыі ад БССР на перамовах не было, хаця ў немалой ступені вырашаўся лёс менавіта нашых зямель. Па ўмовах Рыжскага міру заходняя Беларусь, у тым ліку і Нясвіжчына, увайшла ў склад Польшчы. Яшчэ раней, у лістападзе 1920 г., быў утвораны Нясвіжскі павет Наваградскага ваяводства. Плошча павета складала 2 018, 8 км кв. У яго склад уваходзілі Нясвіж, Клецк, Мір і 623 іншыя населеныя пункты (вёскі, мястэчкі, фальваркі і г.д.). Павет падзяляўся на 10 вясковых гмін: Гарадзейскую, Гавязнянскую, Грыцэвіцкую, Клецкую, Лесуноўскую, Ланскую, Мірскую, Сіняўскую, Сноў-скую, Жухавіцкую. Паводле перапісу насельніцтва, які прайшоў у  верасні 1921 г., на яго тэрыторыі жылі 114 053 чалавекі. Хаця Нясвіжчына стала часткай польскай дзяржавы, становішча тытульнай нацыі тут было няпэўнае. Нават па афіцыйных выніках перапісу, які імкнуўся ўсяляк зменшыць лік беларусаў, палякі ў павеце складалі менш за палову жыхароў — 39 %, беларусы — 51%. У самім Нясвіжы пражывалі 3 034 палякі, 3 106 яўрэяў, 643 беларусы, 5 немцаў, 39 ра-сіян, 5 украінцаў, 3 грузіны, 2 латышы, кітаец, літовец, армянін. Разам — 6 840 чалавек. Сярод тых, хто запісаўся палякам, пераважалі нашчадкі акаталічанай шляхты і прадстаўнікі інтэлігенцыі, выхаваныя ў польскай культурнай традыцыі. Думаю, не памылюся, калі скажу, што многія з іх ніколі не былі ў этнічнай Польшчы і ў іншай сітуацыі маглі б вызнаць сябе беларусамі. Але абставіны склаліся так, як склаліся, і людзі, хто шчыра, хто не вельмі, прыстасоўваліся да жыцця ў новай  дзяржаве.

Калі ў Нясвіжы “польскае” насельніцтва колькасна пераўзыходзіла беларусаў, то ў вёсках і мястэчках была цалкам супрацьлеглая сітуацыя. Прадстаўнікі ўлады вымушаны былі канстатаваць варожыя настроі мясцовых жыхароў і іх прыхільнасць да савецкай прапаганды. Нямала было і тых, каму імпанаваў лозунг беларускіх незалежнікаў “Ні польскага пана, ні маскоўскага камісара!”

Вось у такіх умовах было задумана выданне павятовай газеты. Яна павінна была пашыраць і ўмацоўваць польскую свядомасць сярод насельніцтва “крэсаў” (так у міжваеннай Рэчы Паспалітай называліся заходнебеларускія землі). Ініцыятарам стварэння выдання выступіў павятовы стараста Ежы Чарноцкі. На пасаду рэдактара быў запрошаны Зыгмунт Даманьскі — землеўладальнік былой Мінскай губерні. Яго маёнтак Заляддзе апынуўся на савецкім баку мяжы, а сам Даманьскі быў вымушаны ратавацца ад бальшавікоў. Рыжскі мір ён лічыў несправядлівым з-за таго, што Польшча, нібыта, згубіла частку адвечных зямель. Хучэй за ўсё на такую думку паўплывала страта ўласнага маёнтка. А вось падзел Беларусі Даманьскага ніколькі не хваляваў, што ў прынцыпе зразумела. Праз пяць гадоў, згадваючы свае першыя крокі на паса-дзе рэдактара, ён пісаў: “Кожны сапраўдны грамадзянін (у той час) павінен быў прыкладаць усе высілкі, каб рэшткі крэсаў, якія ўтрымаліся пры Польшчы, не пайшлі следам за землямі колішняй Рэчы Паспалітай, страчанымі паводле Рыжскага трактата… Друкаваная камуністычная агітацыя штораз рабілася больш пагрозлівай. Змагацца з ёю трэба было падобнай зброяй”.

З вялікімі цяжкасцямі ў горад была перавезена друкарская машына былога слуцкага земства. На ёй і аддрукавалі першы нумар “Нясвіжскай газеты”, які ўбачыў свет 26 мая 1921 г. Выданне пазіцыяніравала сябе як беспартыйны орган Нясвіжчыны, заснавальнікам якога выступала “Польская суполка”. Рэдакцыя першапачаткова размяшчалася на Рыначнай плошчы, у доме Авінавецкай. Тут штодзённа, за выключэннем святочных дзён, з 16.00 да 17.00 прымалі наведвальнікаў і аўтараў. У 1923 г. рэдакцыя пераехала на вуліцу Сыракомлі, 5 (сёння — вуліца        Беларуская).

Спачатку газета выходзіла па суботах, на чатырох аркушах. У 1922 г., калі адбываліся першыя пасляваенныя выбары ў Сойм і Сенат Польскай Рэспублікі, і ў студзені-лютым 1923 г. перыядычнасць складала два разы на тыдзень — у сераду (на двух аркушах) і суботу (на чатырох). З сакавіка 1923 г. выданне зноў стала штотыднёвым (чатыры паласы па суботах).

Большасць матэрыялаў пад-пісаны крыптанімамі: Дом., З.Д. або Д., якія належалі ўсё таму ж Даманьскаму. Акрамя яго, аўтарамі публікацый былі Ул. Гарноўскі, Р. Халавецкі (таксама карыстаўся крыптанімам Р. Х–і.) і нехта Зыгмунт А–віч. Допісы ў раздзеле “Хроніка”, як правіла, былі ананімнымі. Раз-пораз змяшчаліся вершы З. Старжынецкай–Лаповай, Я. Околува, Канстанцыі Крупскай. Цікава, што ў выхадных звестках рэдактарам і адміністратарам выдання быў пазначаны А. Дэнбоўскі. Два гады газета заставалася адзіным перыядычным выданнем на тэрыторыі Наваградскага ваяводства. Толькі ў маі 1923 г. у яе з’явіўся паслядоўнік “Газета Слонімская”.

На сённяшні дзень павятовае выданне з’яўляецца бібліяграфіч-най рэдкасцю. Тым не менш, ура-джэнка нашага краю Вікторыя Жукевіч-Дзівота, якая цяпер жыве ў Польшчы, перадала ў рэдакцыю “Нясвіжскіх навін” 12 нумароў за 1922-1923 гг. з асабістага архіва. Яшчэ адзін нумар захоўваецца ў фондах музея-запаведніка “Нясвіж”. На падставе гэтага можна зрабіць невялікі агляд, які дапаможа зразумець, чым жыў павет і горад амаль сто гадоў таму.

На першай паласе, як правіла, друкаваліся афіцыйныя распараджэнні, загады і аб’явы самага разнастайнага зместу. Напрыклад, згодна з распараджэннем павятовага старасты Е. Чарноцкага № 168 ад 30 верасня 1922 г., усе ўласнікі аўтамабіляў, матацыклаў, трактараў і ровараў абавязаны былі ў дзесяцідзённы тэрмін зарэгістраваць іх у гміннай управе або магістраце. Па тагачасных законах транспартныя сродкі маглі часова канфіскоўвацца на дзяржаўныя патрэбы і таму органы кіравання павінны былі ведаць дакладную колькасць машын і веласіпедаў на падначаленых ім тэрыторыях.

Паводле распараджэння                № 169, падпісанага ў той жа дзень, асобы, якія рухаліся ў глыб краіны з чыгуначных станцый на тэрыторыі павета, мусілі пры пасадцы ў цягнік прад’яўляць пасведчанне аб прышчэпцы супраць халеры. Такое рашэнне было прадыктавана неабходнасцю барацьбы з эпідэміяй, што ахапіла край.

У № 23 ад 28 красавіка 1923 г. усю першую паласу займаў зварот прэм’ер-міністра Уладзіслава Сікорскага “Да грамадзян Крэсаў Усходніх” у сувязі з тым, што Ліга Нацый канчаткова прызнала ўсходнія межы Польшчы. Зварот завяршаўся словамі: “…Грамадзяне! У імя гістарычнай традыцыі заклікаю Вас у дадзены момант да супрацоўніцтва ў згодзе і братэрстве дзеля разбудовы і ўмацавання дзяржавы, якая гарантуе спакой і плённую працу ўсім сваім грамадзянам. Няхай наш супольны высілак дзеля святой справы створыць Найдастойнейшай Рэчы Паспалітай належнае моцнае становішча на ўсходзе Еўропы і забяспечыць ёй месца ў вялікай сям’і цывілізаваных краін свету”.

Шмат інфармацыі аб паўся-дзённым жыцці даюць аб’явы.  Так, паведамлялася, што з 4 мая 1922 г. у гімназіі адкрыюцца бясплатныя штодзённыя курсы для дарослых, на якіх з 19.00 да 21.00 будуць выкладацца матэматыка, польская мова, гісторыя, геаграфія і прыродазнаўчыя навукі. Там жа, з 17.00 да 18.00, адбываліся заняткі па навучанні грамаце для непісьменных. У нумары ад 24 лютага 1923 г. была змешчана рэклама майстэрні братоў Пейч на вуліцы Браварнай на Новым месцы (сёння — вуліца Камсамольская). Майстэрня займалася рамонтам швейных і друкарскіх машын, ровараў, зброі (стрэльбаў і пісталетаў), замкоў, земляробчага інструменту. А таксама выконвала разнастайныя слясарныя і кавальскія работы. У гэтым жа нумары паведамлялася, што аўтамабільнае прадпрыемства братоў Дыбоўскіх арганізоўвае перавозкі пасажыраў па маршрутах Нясвіж — Гарадзея і Нясвіж — Клецк. Адначасова з гэтым аўтобусны рух да Гарадзеі арганізавала кампанія “Глоб”, якой валодаў Зыгмунт Фрэнкель.

Сярод рэкламных абвестак пераважае інфармацыя аб прывозе новых партый тавараў разнастайнымі арганізацыямі. У краіне, якая толькі-толькі пачынала залечваць ваенныя наступствы, панаваў сапраўдны таварны голад. Таму паступленні не залежваліся на паліцах. У 1922 г. галантарэю, тытунь, мыла, адэкалон, туалетную ваду і розную парфумерыю прадавала “Польская суполка” ў сваім памяшканні на Ратушнай вуліцы (сёння — усходняя частка плошчы), сахарын можна было замовіць па пошце з Познані. Нясвіжскае земляробчае таварыства рэалізоўвала сельскагаспадарчыя інструменты, насенне агародніны, вяроўкі і вялікую колькасць т.зв. “калані-яльных”1  тавараў. У сакавіку 1923 г. на вуліцы Сыракомлі, 15 пачаў дзейнічаць камісійна-гандлёвы дом, які прымаў на продаж рэчы ад насельніцтва. У гэтым жа го-дзе ў былым рэдакцыйным памяшканні (доме Авінавецкай) адкрыўся тэкстыльны магазін братоў Урублевічаў, дзе прапаноўваўся шырокі выбар матэрыі. Аматары чытання мелі магчымасць атрымаць з Варшавы па пошце кнігу “Бітва на небе! Што? Дзе? Як? Калі?”.

1 Каланіяльнымі таварамі называлі прадукты, прывезеныя з калоній еўрапейскіх: каву, какава, цукар-пясок, чай, вострыя прыправы, бавоўну, рыс і г.д. На пачатку ХХ ст. гэта назва стала ўмоўнай, але працягвала выкарыстоўвацца.

(Працяг будзе).

 


Поделитесь с друзьями
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.