У сераду, 12 верасня, на стадыёне ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Нясвіжа» ва ўрачыстай абстаноўцы была адкрыта пляцоўка стрыт варкаўта (вулічнай гімнастыкі).
Без перабольшання трэба ад-значыць, што адбылося сапраўднае свята спорту і здароўя. У гэтым былі перакананы яго ўдзельнікі — школьнікі, педагогі і госці мерапрыемства.
Перад прысутнымі выступіў старшыня Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта Генадзь Салавей. Ён сказаў, што ў жыхароў Нясвіжа і, у першую чаргу, у вучняў сярэдняй школы № 3 з’я-вілася яшчэ адна ўнікальная магчымасць рухацца да здаровага ладу жыцця. У горадзе і раёне створаны ўсе неабходныя ўмовы для заняткаў фізічнай культурай і спортам: працуюць басейны і трэнажорныя залы, устаноўлены дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі і пабудаваны спартыўныя комплексы, якія з задавальненнем наведваюць як дзятва, так і падлеткі. Бацькі з дзецьмі аддаюць перавагу правядзенню вольнага часу менавіта ў гэтых спецыяльна абсталяваных месцах.
![](http://www.nesvizh-news.by/wp-content/uploads/2018/09/DSCN6526.jpg)
Сімвалічную чырвоную стужку пераразаюць старшыня
Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта Генадзь Салавей,
дырэктар Клецкага механічнага завода Арцём Зубель і дырэктар сярэдняй школы № 3 г. Нясвіжа Анатоль Мяленька
![](http://www.nesvizh-news.by/wp-content/uploads/2018/09/DSCN6558.jpg)
Паказальнае выступленне па стрыт варкаўту спартсменаў г. Капыля
Наступнае слова прадаставілі Арцёму Зубелю — дырэктару Клецкага механічнага завода, дзе было выраблена абсталяванне для пляцоўкі. Ён выказаў упэўненасць, што новая пляцоўка яшчэ больш прыцягне ўвагу школьнікаў да заняткаў актыўнай спартыўнай дзейнасцю, а магчымасць самасцвярдзіцца ў асяроддзі аднагодкаў стане дзейсным рычагом для заняткаў вулічнай гімнастыкай.
Далей, пасля перарэзвання чырвонай стужкі, увазе прысутных было прадстаўлена паказальнае выступленне майстроў у галіне вулічнай гімнастыкі — юнакоў з Капыля. А завяршылася мерапрыемства музычным падарункам, які ўсім прысутным падаравалі навучэнцы цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна.
![](http://www.nesvizh-news.by/wp-content/uploads/2018/09/DSCN6591.jpg)
На новай пляцоўцы для заняткаў вулічнай гімнастыкай
![](http://www.nesvizh-news.by/wp-content/uploads/2018/09/DSCN6596.jpg)
Музычнае віншаванне ад навучэнцаў цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна
Стрыт варкаўт
Прытрымліваючыся сучасных спартыўных напрамкаў і звяртаючы ўвагу на захапленні дзяцей і моладзі нашага горада, па ініцыятыве кіраўніцтва раёна пабудавана спецыяльная пляцоўка, з усімі неабходнымі спартыўнымі снарадамі і элементамі, для добрай «вулічнай трэніроўкі».
Гэты від трэніровак называюць па-рознаму: вулічны фітнес, вулічныя трэніроўкі або проста англійскім эк-вівалентам слова «трэніроўка» — «workout».
Стрыт варкаўтам могуць займацца ўсе, незалежна ад полу і ўзросту. Для заняткаў не патрабуецца ні дарагога абсталявання, ні спецыяльнай экіпіроўкі — досыць спартпляцоўкі.
Заняткі патрабуюць ад хлопцаў і дзяўчат не толькі фізічных намаганняў, але і выдатных валявых якасцей. Таму рэгулярныя трэніроўкі дазволяць не толькі ўмацаваць цягавітасць, спартыўную дысцыпліну, але і лідарскія якасці.
Першая пляцоўка для стрыт варкаўта ў Нясвіжы два гады таму была адкрыта каля гімназіі.
Дзмітрый ЯШЧАНКА.