Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 6 °C

Н.В. Шчука: “Каб было спакойна і мірна”

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Пост опубликован: 19.04.2022

Нікану Уладзіміравічу — 94. У кастрычніку ён адзначыць сваё 95-годдзе. Запрыкмеціўшы мяне, гаспадар расплываецца ў шчырай усмешцы. Побач з ім — сын Святаслаў з нявесткай. Яны прыязджаюць з Мінску кожныя выхадныя, каб дапамагчы Нікану Уладзіміравічу па хаце: прыбраць, нагатаваць ежы, праведаць бацьку.



Пачуўшы, што я з раённай газеты прыйшла браць інтэрв’ю, Нікан Уладзіміравіч крыху збянтэжыўся і адразу адказаў:
— Ды што я вам раскажу, усё як у ва ўсіх…
Настрой мужчыны, безумоўна, здзіўляе. Для такога узросту, ён ясна разважае, цікава расказвае, ведае ўсе апошнія навіны. Акрамя таго, трымае ў гаспадарцы курачку і ката, сам ходзіць да аўталаўкі па прадукты.
Да пачатку нашай размовы Нікан Уладзіміравіч апранае свой пінжак са шматлікімі медалямі і ордэнамі. Я раблю некалькі фота на памяць і пачынаю занатоўваць гутарку.
Нікан Уладзіміравіч Шчука нарадзіўся ў вёсцы Зарэчча, што зусім недалёка ад Гарадзеі, у кастрычніку 1927 года. Сям’я жыла на хутары, у ёй гадавалася пяцёра дзяцей. Нікан — трэці з іх. Ён меў траіх сясцер і старэйшага брата Аляксандра, які ў 1939 годзе пайшоў у армію. На пачатак вайны, у сорак першым, служыў у кавалерыі ў Грузіі. Вайна сям’ю Шчукаў застала тут, на Нясвіжчыне. На той момант Нікан быў яшчэ падлеткам, таму ў ваенных дзеяннях удзелу не прымаў. Але ўспамінае, як дапамагаў тады бацьку-чыгуначніку: як чысцілі рэйкі, пераводзілі стрэлкі.
Нікан Уладзіміравіч не капаў акопаў з аўтаматам у руках, аднак ён быў непасрэдным сведкам тых часоў. Таму, нядоўга разважаючы, я пытаюся, як адчуваў сябе юны хлопец, ці страшна было?
— Вядома… аб чым размова? Было вельмі страшна, — уздыхае мужчына і прадаўжае: — Засталася ў маёй памяці адна цікавая гісторыя. Неяк, падчас акупацыі, міма нашай хаты ехаў адзін немец на павозцы і спыніўся. Маці ў той момант якраз хлеб пякла: боханаў сем атрымалася — сям’я вялікая, каб усіх пракарміць. Дык вось, мабыць, той немец водар хлеба і пачуў, зайшоў у хату. На лавачцы ляжалі боханчыкі. Ён адрэзаў добрую лусту, панюхаў, паспрабаваў і кажа: “Гуд, гуд…”. Тады палову забраў з сабой і далей сказаў на польскі манер: “Пойдзе́м мы на Мо́скаў, але пе́нтамі на́зад”. Разумееце як гэта? — пытае мяне Нікан Уладзіміравіч і адразу ж сам адказвае: — Гэта значыць “пойдзем на Маскву, але пяткамі назад, то бок доўга не прабудзем”. Я добра памятаю гэтыя яго словы і часта іх успамінаю.
Сапраўды, падчас нямецкай акупацыі простыя сяляне былі вымушаны “карміць” нямецкіх салдат. Апошнія свабодна заходзілі ў любы двор і вяскоўцы аддавалі ім харчы і прыпасы. Нікан Уладзіміравіч кажа, што і з яго сям’ёю такое здаралася неаднойчы. Успамінае сітуацыю, калі акупанты ў чарговы раз прыйшлі пажывіцца, а Ніканава маці, будучы ў градах, прапанавала “гасцям” пачаставацца свежымі гуркамі. На што нямецкія салдаты толькі пляваліся: “блото, блото…” і запатрабавалі “яйко, шпэк…путор!”. Такім Н.У. Шчука запомніў ваенны час.
Васямнаццацігадовым юнаком у 1945 годзе Нікана прызвалі ў рады савецкай арміі. Агульнай колькасцю хлопец праслужыў 6,5 гадоў, навучаўся мінамётнай справе і нават заспеў канец вайны. Цяпер ён успамінае той час. Гаворыць, што іх полк хацелі адправіць у Японію, але гэтага не здарылася. У сувязі з тым, што амерыканцы скінулі атамную бомбу на Хірасіму і Нагасакі, туды адправілі іншыя войскі.
На працягу армейскай службы Нікан Уладзіміравіч пабываў у асноўным у расійскіх гарадах — Маскве, Ноўгарадзе (тады г. Горкі).
— Ужо ў мірны час нас, маладых армейцаў, пасылалі дапамагаць аднаўляць зямлю, гаспадаркі, — працягвае мой суразмоўца. — Памятаю, як прыязджала ў часць старшыня калгаса, прасіла рабочых рук: “Дайце сваіх салдацікаў, трэба пакасіць. Косы ў нас ёсць, але рабіць няма каму…”. Ды і вучыліся. Яна сама бралася, тая жанчына-старшыня, і мы разам з ёю. Увесну дапамагалі на палях, восенню збіралі ўраджай, бо рук не хапала.
У 1950-1951 гг. Нікан Ула-дзіміравіч мабілізаваўся і вярнуўся на радзіму. Гаворыць, што тады і пачалося яго паўнавартаснае мірнае жыццё. Неўзабаве атрымаў спецыяльнасць механізатара ў Навагрудку. Гадоў з дзесяць прарабіў трактарыстам на гусенічным трактары на МТС: і ў Снове, і ў Па- гарэльцах, і ў Свеклавічнай. Узнагароджваўся граматамі, падзякамі і прэміямі, стаў заслужаным ветэранам працы.
У пачатку дзевяностых Нікан Уладзіміравіч пайшоў на пенсію. Разам з жонкай выгадаваў двух сыноў. Аднаго з іх ужо няма сярод жывых, а другі, старэйшы, кожныя выхадныя прыязджае да бацькі.
Напрыканцы нашай размовы Нікан Уладзіміравіч прызнаецца:
— Насамрэч, прайшлі мае гады, але ж хочацца яшчэ пажыць. Бывае што-небудзь забаліць — і адразу думкі пра канец узнікаюць… Але потым разумееш: трэба жыць, назіраць як свет змяняецца, з’яўляецца штосьці новае, асаблівае; лю-дзі жывуць, радуюцца, жэняцца, нараджаюць дзяцей… На гэтым свет стаіць. Галоўнае — каб было спакойна і мірна.
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!