Меню
Курс $  3.27 | €  3.51 | ₽100  3.68 |
Погода 14 °C

Там, дзе спыняецца час

Нясвіжскія навіны 9 месяцев назад 0 1

Пост опубликован: 12.09.2023

Хаваецца за далягляды хуткаплынны час. І мы імчым, кожны па сваіх справах — малых і вялікіх, неабходных і не вельмі. Але калі-нікалі карысна збавіць ход, зазірнуць у глыб душы, падумаць пра існае. У такія хвіліны лепш апынуцца там, дзе і час прыпыняецца, гля- дзіць з вышыні пражытых стагоддзяў, чакае ўдумлівых падарожнікаў.
У адным з такіх месцаў, а менавіта ў храме Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы ў вёсцы Вялікая Ліпа падчас сёлетніх летніх вакацый апынуліся ўдзельнікі сумеснага праекта «Парады з вуснаў несвіжан» Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, раённай газеты «Нясвіжскія навіны» і СШ №4 г. Нясвіжа.



Настаяцель — іерэй Аляксандр Кавальскі — расказаў, што храм быў пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Упершыню ён узгадваецца ў апісанні вёскі ў 1773 годдзе. У царкве захаваўся каменны алтар. Пры храме існавала прыходская школа, якая на пачатку ХХ-га стагоддзя была рэарганізавана ў вучылішча.

Велосипед и безопасность
Айцец Аляксандр сказаў, што калісьці ў храме захоўвалася кніга, у якой пазначалася, хто колькі грошай аддаў на будаўніцтва. Але пасля закрыцця храма ў 1963 годзе многае было страчана. У 1990 годзе храм сталі аднаўляць. Старшыня калгаса Анатолій Камёнка хацеў зрабіць там музей, пачаўся рамонт. Але калі пачалася свабода рэлігіі, мясцовыя жыхары сталі ездзіць у Епархіяльнае упраўленне ў Мінск і па благаславенні Мітрапаліта Філарэта храм аддалі вернікам. Яго першым настаяцелем пасля доўгіх гадоў забыцця стаў протаіерэй Мацвей Белаус, які пасля служыў у Клецку. А ў 1992 годзе настаяцелем стаў іерэй Аляксандр Кавальскі.
Са старых абразоў тут застаўся толькі Спас Нерукатворны, а таксама падвойны абраз Божай Маці, якая лічыцца памочніцай у навучанні. З другога яго боку — святое распяцце. Пасля закрыцця Пакроўскага храма ён знаходзіўся ў храме Касмы і Даміяна ў Снове, але пасля, у 1990 годзе, вярнуўся ў Вялікую Ліпу. У храме шмат абразоў з даравальнымі надпісамі, ахвяраваных прыхаджанамі.
На тэрыторыі храма размешчаны дзве невялікія капліцы. А побач з галоўным фасадам царквы знаходзіцца мураваная званіца. Зараз там чатыры званы. На Вялікдзень званіць у іх можа кожны жадаючы. Гэта ўжо новыя званы, якія былі набыты тагачасным старшынёй гаспадаркі Андрэем Ратомскім і прыхаджанамі па благаславенні Мітрапаліта Філарэта. А старыя званы пры савецкай ўладзе патапілі ў рацэ.
Юныя паломнікі пабылі на магіле будаўніка храма, якая размяшчаецца побач са святыняй, а таксама на магіле псаломшчыка і аднаго з настаяцелей протаіерэя Канстанціна Яневіча, які памёр у 1929 годзе ва ўзросце 76 гадоў.
Рабяты зацікавіліся і асобай колішняга настаяцеля, спыталі пра яго пошук шляхоў да храма, не прамінулі задаць і свае пытанні, якія рыхтавалі і разам абмяркоўвалі загадзя.
Айцец Аляксандр расказаў, што паходзіць са святарскага роду. Ён нарадзіўся ў вёсцы Пясова Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацькі працавалі ў калгасе, але пяцёра братоў бацькі — святары. Свой выбар яны рабілі тады, калі на царкву былі ганенні і духоўнай семінарыі на Беларусі не было. Жыровіцкая адчынілася напрыканцы васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Дзядзькі айца Аляксандра былі вымушаны з’ехаць у Расію.
Васілій Васільевіч і Марыя Іосіфаўна Кавальскія выгадавалі шасцёра дзяцей — пяцёра сыноў і дачку Наталлю. Дарэчы, чатыры браты айца Аляксандра таксама святары. Старэйшы, Сяргей, служыць у Полацка-Глыбокскай епархіі, у вёсцы Чарэ- сы. Трое малодшых братоў — Вячаслаў (служыць другім святаром у адным з храмаў Гродзенскай епархіі), Ігар — у вёсцы Таль Любанскага раёна Слуцка-Салігорскай епархіі, малодшы Анатолій — святар храма ў вёсцы Хорава Пружанскага раёна Брэсцка-Кобрынскай епархіі.
Юным журналістам стала цікава, якім было выхаванне ў сям’і, з якой выйшла столькі святароў, на што айцец Аляксандр сказаў:
— Мае бацькі не мелі ніякай адукацыі і самая галоўная навука, якую яны нам далі — гэта тое, што ўсё ў жыцці здабываецца працай, і таму вучылі сумленна працаваць з самага дзяцінства, рабіць сваю работу якасна незалежна ад таго, дзе ты працуеш.
У сям’і панаваў аўтарытэт бацькоў. Святар успамінае, што прыкладна да гадоў шаснаццаці, яго нават не пыталі, які касцюм у школу купіць ці чаравікі. Купілі, а ты будзь добры насі на здароўе. І калі сказалі абуць цёплыя чаравікі, значыць трэба так і зрабіць, і пытанне не абмяркоўвалася.
Што датычыцца веры, то сумненняў ў тым, што Бог ёсць і ад Яго ўсё залежыць, ні ў бацькоў, ні ў іх дзяцей ніколі не было. Нягледзячы на савецкі атэістычны час, храм, які размяшчаўся за дзесяць кіламетраў ад роднай вёскі — у вёсцы Гарадная, ніколі не закрываўся. І бацькі на ўсе нядзельныя і святочныя службы бралі з сабой дзяцей. Добрым прыкладам былі і бабулі, якія вадзілі ўнукаў да споведзі і прычасця.
У школе Аляксандру найбольш падабаліся матэматыка і гісторыя. Лічыў ён так хутка, што пакуль настаўнік на дошцы запісваў прыклад, ён ужо выдаваў адказ.
Пасля школы будучы святар паступіў у Столінскае ПТВ, атрымаўшы спецыяльнасць аўтаслесар. Затым два гады службы ў вайсковым гарадку Печы пад Мінскам, і яшчэ два гады паслушання ў стрыечнага брата — айца Пятра, які быў настаяцелем храма ў вёсцы Ярэмічы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці.
Неўзабаве наш суразмоўца ажаніўся з Вольгай Мацук.
У 22-гадовым узросце ён быў рукапаложаны ў святары ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску Мітрапалітам Філарэтам. Храм у Вялікай Ліпе стаў адзіным месцам служэння іерэя Аляксандра Кавальскага. Шэсць гадоў таму святар скончыў Мінскую духоўную семінарыю ў Жыровічах. Вось як ён ўзгадвае першыя гады свайго служэння:
— Людзі на пачатку 90-х імкнуліся ў храм. Я ледзь паспяваў хрысціць дзяцей і дарослых. Хрысціліся нават тыя, каму за семдзясят, пад восемдзясят гадоў. Бывала, што прынясуць хрысціць немаўля, а хросныя — не хрышчаныя. Так спачатку хрысцілі хросных, а пасля — дзіця. Тое ж з вянчаннямі. Што ні вяселле — вянчанне.
Людзі і зараз не павінны забывацца на храм, маліцца за сябе і сваіх родных — жывых і памерлых. На Радаўніцу — асвячаць могілкі, наведваць храм у Дзімітраўскую бацькоўскую суботу.
Святар успамінае час, калі кіраўнікі гаспадаркі, а таксама працаўнікі, удзельнікі ўборачнай кампаніі збіраліся ў храме на малебен перад пачаткам добрай справы, а пасля на полі асвячалі камбайны і іншую тэхніку.
Цяпер на богаслужэнні ў храме, нават у вялікія святы, большасць пастаянных прыхаджан маюць надзвычай сталы ўзрост. Святара вельмі засмучае тое, што бываюць выпадкі, калі памірае чалавек, які ў храме ніводнага разу і не быў. Нашто думаць пра вечнасць, калі здаецца, што паўсядзённасць ніколі не скончыцца?
— А святар павінен яго адпець і спяваць яшчэ «са святымі супакой». А якое «са святымі», калі ён ніколі не пераступаў парог храма? — гаворыць айцец Аляксандр.
Без сумных момантаў у жыцці не абысціся, і рабяты спыталі, як мы павінны адносіцца да жыццёвых цяжкасцей.
— Веруючыя людзі разумеюць, што чалавеку даюцца нейкія выпрабаванні: хваробы, бязладзіцы, сямейныя ці на працы. І Гасподзь чакае, як ты будзеш паводзіць сябе ў гэтай сітуацыі: будзеш абурацца ці маліцца. Трэба ўспрымаць усё, як ёсць, калі гэта адбываецца не па нашай волі. А, магчыма, нейкае выпрабаванне Гасподзь дае, каб ты падумаў, так ты ўсё робіш ці не так. І ў складанай сітуацыі не трэба апускаць рукі, адчайвацца. У першую чаргу трэба спадзявацца і маліцца, бо ўсё ў руках Божых.
Рабят цікавіла пытанне пра адносіны ў калектыве, а дакладней, ці патрэбна імкнуцца да таго, каб усім падабацца. Святар патлумачыў:
— Усім мілы не будзеш. І ўсім падабацца таксама. Для кагосьці ты будзеш добры, для кагосьці дрэнны. І таму трэба жыць па сумленні. Не так, што калі ты мне рабіў дабро, я з табой буду сябраваць, а іншага асуджаць ці рабіць яму нешта дрэннае. Жыццё — бумеранг. І калі ты нешта зрабіў не так — гэта да цябе вернецца, а калі не да цябе, то да бліжніх тваіх. Нашы дзеці будуць адказваць за нас.
Гаварыў святар і аб ролі мужчыны ў сям’і:
— Мужчына заўсёды лічыўся галоўным у сям’і. Але ён павінен адпавядаць свайму высокаму статусу, быць гаспадаром, а не ся- дзець на шыі ў жонкі. У мінулыя часы месца жанчыны было каля дзяцей, на кухні. Пра матэрыяльны дабрабыт клапаціўся муж. А ў наш час сучасныя жанчыны могуць займаць розныя кіруючыя пасады. Але ў сям’і, калі мужчына — дастойны чалавек, апошняе слова, галоўнае рашэнне павінна быць за ім, бо менавіта ён нясе асноўную адказнасць за сям’ю.
Закрануў айцец Аляксандр і некаторыя праблемы сямейнага выхавання:
— Усяму свой час. Выхоўваць дзіця трэба тады, калі яно, як у народзе кажуць, упоперак лаўкі ляжыць. Калі ёсць нейкія праблемы з дзіцем, то лепей матулі пакінуць хаця б на некаторы час сваю работу, перапыніць кар’еру і заняцца выхаваннем дзяцей. І працу, і кар’еру можна адна- віць, а вось калі ўпусціць момант у выхаванні, вынікі могуць быць амаль незваротнымі. Але такое рашэнне муж і жонка павінны прымаць разам.
У заключэнне сустрэчы айцец Аляксандр параіў рабятам найчасцей звяртацца да старонак «Закона Божага», бо менавіта там напісана, «як сябе паводзіць і як адносіцца да розных сітуацый у жыцці. Там законы, якія мы павінны выконваць».
Развітваючыся, святар звярнуўся да рабят:
— Старайцеся жыць па сумленні і па справядлівасці, жыць па Евангеллі і Законе Божым. Не рабіце зла, а рабіце болей дабра. Будзьце больш цярплівымі у нейкіх момантах свайго жыцця. Мудрасці вам жадаю, любові паболей. І не толькі да сваіх бліжніх, а і да ўсіх астатніх ставіцца з павагай. Не забывайце пра міласэрнасць, спагаду да людзей. І няхай Гасподзь ахоўвае вас і аберагае.
Хутка храм Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы сустрэне свой 250-гадовы юбілей. Дакладная дата святкавання яшчэ не вядома. Айцец Аляксандр паабяцаў, што чытачы раёнкі даведаюцца пра гэта ледзь не першымі. І, канечне, запрасіў усіх жадаючых не прамінуць гэтую падзею.
У жыцці чалавека столькі спраў, што і прыпыніцца складана. Але час няўмольна ідзе ў вечнасць. Дык можа прыслухаемся да мудрых парадаў святара і задумаемся?
Валянціна Шчарбакова,
кіраўнік праекта
«Парады з вуснаў
несвіжан»
Фота Святланы Польскай.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!