Меню
Курс $  3.27 | €  3.55 | ₽100  3.68 |
Погода 20 °C

З чырвонымі бантамі на грудзях

Нясвіжскія навіны 7 месяцев назад 0 0

Пост опубликован: 04.11.2023

7 лістапада — Дзень Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі

Заваёвы прыгнечаных народных мас былой царскай Расіі ў выніку Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі (заводы і фабрыкі — рабочым, 8-гадзінны рабочы дзень, зямля — сялянам, мір — народам, роўныя правы людзям розных нацыянальнасцей), яны адстойвалі ў цяжкіх ваенных баталіях, у непрымірымай барацьбе з класавым ворагам за сваю годнасць, за свабодную працу, за шчаслівую будучыню.



Верныя камуністычным ідэалам, змагаліся з прыгнятальнікам — буржуазна-памешчыцкай Польшчай — і прадстаўнікі перадавой часткі беларускага насельніцтва, якое знаходзілася ў белапольскай акупацыі з 1921 да 1939 года. Камсамольцы і камуністы Заходняй Беларусі вялі падпольную работу сярод жыхароў, агітавалі за савецкую ўладу, супраць панскага прыгнёту. І святочныя гістарычныя даты адзначалі асабліва.
Захаваліся ўспаміны актыўнага ўдзельніка нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, ураджэнца вёскі Міцькавічы Уладзіміра Пятровіча Гуля аб тым, як у 1934 годзе, знаходзячыся ў белапольскай Навагрудскай турме, ён з таварышамі адзначаў Дзень Вялікага Кастрычніка.
У турме тайна дзейнічаў рэвалюцыйны камітэт. Ён вырашыў, што 7 лістапада ўсім зняволеным трэба прышпіліць чырвоныя банты, выйсці на прагулку і праспяваць “Інтэрнацыянал”. Чырвоным матэрыялам іх забяспечылі з волі партыйныя арганізацыі.
Адміністрацыі турмы стала вядома аб гэтых падрыхтаваннях. Напярэдадні 7 лістапада ва ўсіх камерах былі праведзены вобыскі. Але адшукаць чырвоныя стужкі не ўдалося. І 7 лістапада палітзняволеныя з самай раніцы ўпрыгожылі свае грудзі чырвонымі бантамі. З’явілася турэмная ахова, пачалася праверка.
“Мы знаходзіліся ў чацвёртай камеры на першым паверсе галоўнага корпуса турмы, — апавядаў Уладзімір Пятровіч. — Калі дзверы з грукатам адчыніліся, усе стаялі ў роўных шарэнгах з яркімі бантамі на грудзях. Намеснік начальніка турмы загадаў зняць іх. Тады Міхаіл Літвін, адзін са зняволеных, ад імя ўсёй камеры заявіў: “У нас, палітзняволеных, сёння рэвалюцыйнае свята і па традыцыі мы яго адзначаем упрыгожваннем нашых грудзей чырвонымі бантамі. Таму вашага загаду мы выканаць не можам”. Намеснік начальніка турмы ад злосці змяніўся ў твары. Ён крута павярнуўся і крыкнуў ахоўнікам: “Зняць ім!”. Каля 20-і чалавек накінуліся на нас з кулакамі, хацелі сарваць чырвоныя банты. Але мы не паддаваліся.
Раптам хтосьці закрычаў: “Прэч, каты!”. Уся камера хорам падтрымала: “Прэч, каты!”. Гэты лозунг стаў нашай абаронай. Мы яго паўтаралі да таго часу, пакуль ахоўнікі не перасталі нас біць.
Нас падтрымалі камеры на другім паверсе, затым — у другім корпусе, мужчыны і жанчыны. Гудзела ўся турма. Турэмшчыкі адмовіліся ад далейшай спробы сарваць усе чырвоныя банты. Але на прагулку ў той дзень нас не пусцілі. У камерах зрабілі вобыскі, забралі кнігі, газеты, прадукты, атрыманыя ў перадачах ад родных, а таксама — цёплыя халаты, абутак і пасцельныя прыналежнасці. Такім чынам, усе камеры былі ператвораны ў карцэры. Спалі мы ў адной бялізне на падлозе пры адкрытых вокнах і няпаленых печках. А на дварэ ўжо быў мароз. Так працягвалася два тыдні. Многія зняволеныя захварэлі. Была спынена ўсякая сувязь з роднымі і блізкімі. Доўгі час нас не пускалі на прагулкі. Але зламаць дух палітзняволеных польскім катам не ўдалося”.
Так наш зямляк адзначыў 17-ю гадавіну Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі.
Пасля яе заваёвы савецкаму народу давялося адстойваць у Вялікую Айчынную вайну. Правячыя колы Захаду не хацелі мірыцца з тым фактам, што на планеце ёсць СССР — дзяржава сацыялістычнага ладу жыцця, што яна стала прыкладам для рэвалюцыйных пераўтварэнняў у іншых дзяржавах, уплывае на палітычную архітэктуру планетарнага маштабу. Імперыялізм змагаўся за свае ідэалы. Калі не ўдалося выкараніць сацыялізм ваенным шляхам, ён павёў настойлівую ідэалагічную вайну. Яна ішла ўвесь час, паступова, неназойліва, непрыкметна, з псіхалагічным уздзеяннем на людзей. І беларусы зноў проці- стаяць варожай сіле. А каб быць моцнымі, трэба браць прыклад са сваіх продкаў — смелых, мужных, адданых справе і Радзіме.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
журналіст.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!