Меню
Курс $  3.27 | €  3.51 | ₽100  3.68 |
Погода 14 °C

У саюзе навукі і практыкі

Нясвіжскія навіны 7 месяцев назад 0 7

Пост опубликован: 21.11.2023

Як вядома, асноўная дзейнасць Нясвіжскай доследнай навуковай станцыі па цукровых бураках НАН Беларусі заключаецца ў навуковай рабоце па праблемах буракаводства, прапагандзе і садзейнічанні асваенню навуковых распрацовак у сельскагаспадарчай вытворчасці, у тым ліку — і ў насенняводстве збожжавых культур.

Як расказаў намеснік дырэктара станцыі Віктар Гадун, за доследнай станцыяй замацавана 642 гектары. З іх 390 займае збожжавая група, 220 — цукровыя буракі, у тым ліку 30 — маслічная рэдзька і два гектары — буракі высадкі. Збожжавыя сёлета былі прадстаўлены па традыцыі і азімымі, і яравымі культурамі. Так, тут вырошчвалі азімую пшаніцу сартоў “Маркіза”, “Асіма” і “Амелія” (два апошніх, дарэчы, выведзеных год і два таму цэнтрам па земляробстве НАН Беларусі, былі пасеяны ўпершыню), азімае трыцікале новага сорта “Гродна”, толькі два гады таму ўнесенага ў рэестр сартоў, але ўжо запатрабаванага на рынках Беларусі, яравы ячмень сартоў “Мустанг” і “Калдун”, яравое трыцікале сорта польскай селекцыі “Дуплет”, яравую пшаніцу сартоў “Сударыня” і “Дар’я”.



Вытворчасць высокіх рэпрадукцый насення — адзін з важных накірункаў работы станцыі, якая прапаноўвае гаспадаркам Мінскай вобласці і не толькі ім высокаякаснае насенне пітомнікаў размнажэння — суперэліту і эліту.

У саюзе навукі і практыкі

Аляксандр Ігнатчык працуе механізатарам на доследнай навуковай станцыі па цукровых бураках ужо 18 гадоў. За гэты час яму даводзілася выконваць мноства сельскагаспадарчых работ — араць, сеяць, культываваць, убіраць як збожжавыя, так і галоўную культуру станцыі — цукровыя буракі. І ўсё гэта — з нязменнай адказнасцю і акуратнасцю, без якіх немагчымая паспяховая работа станцыі. У час, калі быў зроблены здымак, Аляксандр Мікалаевіч рыхтаваў да выезду ў поле свой прычапны агрэгат “Аміці-2300”, прызначаны для ўборкі доследных дзялянак салодкага кораню

— Новыя сарты можна без перабольшвання назваць сартамі будучыні, — адзначыў Віктар Іванавіч. — Напрыклад, “Амелія” нават на нашых не самых багатых глебах паказала ўраджайнасць у 85 цэнтнераў з гектара, што дае падставы для аптымізму. 60 цэнтнераў дала “Маркіза”.

Вегатацыйны перыяд быў складаны, асабліва для збожжавых. Працяглая засуха, недахоп вільгаці ўскладнялі развіццё раслін, што асабліва адчувалася на глебах станцыі, 75 працэнтаў з якіх — супясчаныя. Аднак, нягледзячы на неспрыяльныя пагодныя ўмовы, дзякуючы строгаму захаванню тэхналогій вырошчвання, тут здолелі выйсці на ўзровень мінулага года — сярэдняя ўраджайнасць склала 47 цэнтнераў з гектара.

На 220 гектарах бурачных палеткаў былі пасеяны сумесныя расійска-беларускія гібрыды “Руп”, “Камбіза” і іншыя. Тут біялагічная ўраджайнасць вышэй за мінулагоднюю — 550 цэнтнераў з гектара, што вельмі нядрэнна для глебаў станцыі.

На ўбраных участках на момант падрыхтоўкі матэрыялу ў друк ішла вывазка і ўнясенне арганічных і мінеральных угнаенняў пад ураджай наступнага года, зяблівае ўзворванне.
Не стаіць на месцы і навуковая работа — сёлета павінны прайсці рэгістрацыю новыя гібрыды, якія ствараліся сумесныя з расійскім ТАА “СаюзСемСвёкла” — “Руп 354 СС” і “Руп 363 СС”. Ужо атрыманы дазвол на іх выкарыстанне на тэрыторыі нашай рэспублікі.

На жаль, абмежаваны памер газетнага артыкулу не дае магчымасці расказаць пра ўсе аспекты работы доследнай станцыі, на якой працуе каля 70 чалавек, але з некаторымі з іх мы прапануем наша фотазнаёмства.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!