Меню
Курс $  3.27 | €  3.55 | ₽100  3.68 |
Погода 18 °C

Працоўны сакрэт Алега Корсака

Нясвіжскія навіны 3 месяца назад 0 217

Пост опубликован: 20.03.2024

Герой гэтага аповеду працуе ў ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”, які на гэты момант займае лідарскія пазіцыі на “цукровым” рынку Беларусі.

Свой працоўны шлях на цукровым заво-дзе Алег Корсак пачаў 45 гадоў таму, як толькі вярнуўся з арміі.

— Родам я з вёскі Круты Бераг. Вырас у сям’і, дзе выхоўвалася трое дзяцей. — успамінае Алег Яўгенавіч. — Пачатковую адукацыю тады мы атрымлівалі ў Завітанскай школе, а пасля восьмага класа Гара- дзейскай сярэдняй школы я вырашыў ісці вучыцца, каб набыць спецыяльнасць, з якой вызначыўся адразу. Мне падабалася праца з зямлёй, якая за любоў да яе заўсёды аддзяч-вае ў сто разоў.



Першае знаёмства з магутным прадпрыемствам, якое было амаль што маім равеснікам, адбылося ў 1981 годзе. На той час пасля вучобы ў Навагрудскім сельскагаспадарчым тэхнікуме я меў спецыяль- насць агранома і зусім невялікі перадармейскі вопыт работы начальнікам участка ў адным з калгасаў Стаўбцоўшчыны.

Уладкаваўшыся на працу на цукровы камбінат аграномам-інспектарам, я курыраваў дзейнасць саўгаса “Буракаводчы”. Мая работа патрабавала разбірацца ў тонкасцях агранамічнай справы, каб дабівацца добрых ураджаяў, ад якіх залежаў поспех усяго прадпрыемства і цукровай вытворчасці раёна. Вынік нашай працы — высокія бурачныя кагаты, якія ішлі на выраб цукру, трэба сказаць, пакідалі невыказнае ўражанне.

У сезон нарыхтоўкі ездзіў у камандзіроўкі, вёў кантроль і на буракапрыёмным пункце “Бераставіца” Гродзенскай вобласці, аказваў дапамогу начальніку пункта, разам сачылі за нарыхтоўкай і адгрузкай на Гарадзейскі цукровы завод вагонаў з салодкім коранем. Сотні гектараў сельгасугоддзяў, дзе вырошчваліся цукровыя буракі, трэба было адса- чыць — пачынаючы з вывазкі арганікі, нормаў высеву, падкормкі культуры, хімічнай або ручной праполкі да ўборкі ўраджаю і яго паступлення на буракапрыёмны пункт. Памятаю, што ў той час добрым настаўнікам для мяне быў галоўны аграном завода Самуіл Парфёнавіч Емяльянаў.

Праз некаторы час, узняўшыся на чарговую кар’ерную прыступку, Алег Яўгенавіч выконваў ужо новыя абавязкі, што надавала ўпэўненасці маладому чалавеку, які палюбіў сваё прадпрыемства — маладое і перспектыўнае.

— У 1984 годзе я перайшоў працаваць на пасаду начальніка буракапрыёмнага пункта, — успамінае мой суразмоўца. — Змянілася структура кагатнага поля, удасканальвалася кожная аперацыя. Цяпер усе кагатныя палі пакрыты асфальтабетонным пакрыццем, а раней яны былі выкладзены з каменнага бруку або жалезабетону. А замест адзінаццаці транспарцёраў, па якіх падаваліся буракі на завод, сёння з гэтай задачай спраўляюцца пяць.

На буракапрыёмным пункце сёння выкарыстоўваюцца кагатаўкладачныя машыны, якія могуць класці бурты шырынёю да 40 метраў замест 18-і, як некалі. Ды і на разгрузцы раней было задзейнічана 12 — 14 транспартных адзінак, замест сённяшніх шасці. Калі раней вытворчасць дасягала двух тысяч тон у суткі, то цяпер яна вырасла да дзесяці. Значна скараціўся і сезон перапрацоўкі.

Ды і зімы цяпер лёгкія, таму кагаты не накрываем. Памятаю, як раней з Астрахані па чыгунцы прыходзілі вагоны з плеценым з камышу ўкрыццём, а пасля завод набыў сваю спецыяльную машыну, пры дапамозе якой мы, работнікі прадпрыемства, выраблялі ўкрывачны матэрыял для салодкага кораню. Праўда, мясцовы камыш быў іншы па якасці. А зімы на той час стаялі марозныя, снежныя, не тое, што цяпер.

Пазней сталі выкарыстоўваць укрывачны матэрыял з пенапласту, апрацоўвалі буракі ў кагатах вапнавым малаком, каб не развіваліся хваробы салодкага кораню. Усё гэта было затратна, але сыравіны для работы канвеераў прадпрыемства ўсё ж трэба было захаваць як мага больш. І мы паспяхова спраўляліся з пастаўленымі задачамі.

З цягам часу “цукровае” прадпрыемства расло. На вачах Алега Корсака, які шчыра працаваў тут, як і многія іншыя, з’яўляліся новыя карпусы, укараняліся новыя тэхналогіі, камбінат набіраў моц і выходзіў на сучасны ўзровень па выпуску прадукцыі. Вялікія змены адбываліся і на буракапрыёмным пункце.

За суткі цяпер тут разгружаюць 13-14 тысяч тон цукровых буракоў.

Калі раней сыравіну падавалі ў цэхі прадпрыемства поўнасцю гідратранспарцёрам, то сёння на камбінаце пабудавана сістэма, дзякуючы якой выкарыстоўваецца яе сухая падача.

Сёння, азіраючыся на свой працоўны шлях, Алег Яўгенавіч ні аднаго разу не пашкадаваў, што звязаў свой лёс з цукровым камбінатам на доўгія гады. Больш чым за сорак пяць гадоў ён прыкіпеў да сваёй справы так, што і цяпер заўсёды хочацца ісці на работу. Сёння ён тут адзін з самых вопытных і паважаных спецыялістаў.

— У маі мінулага года я мог пайсці на заслужаны адпачынак, але не развітаўся з прадпрыемствам. Перадаю вопыт маладым. Стараюся навучыць іх адказнасці, добрасумленнаму стаўленню да сваіх непасрэдных абавязкаў, — дзеліцца начальнік буракапрыёмнага пункта. — Вядома, многае залежыць ад тэхнікі, але асноўнае — людзі.

Сямейную традыцыю Корсакаў на прадпрыемстве працягвае сын майго суразмоўцы — Віктар. Ён працуе грузчыкам транспартнага аддзела ўжо больш за 15 гадоў. А нядаўна на тэрыторыі прадпрыемства адкрыўся фірменны магазін “Сахарок”, дзе працуе дачка. Так біяграфія сям’і Корсак трывала пераплялася з “біяграфіяй” прадпрыемства.

У размове Алег Яўгенавіч шчыра прызнаўся, што калі бачыць на прылаўках магазіна тавары з фірменным значком “Гарадзейскі цукар”, заўсёды з усмешкай успамінае, што і ён мае непасрэднае дачыненне да вырабу гэтай салодкай прадукцыі.

— Мне падабаецца справа, якою займаюся, прыемна, што магу прыносіць карысць роднаму прадпрыемству, якое ў хуткім часе адзначыць 70-гадовы юбілей. А мой сакрэт працы — у добрасумленных адносінах да кожнай справы, якую раблю.

Іна ВАСІЛЕВІЧ.
Фота аўтара і Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!